Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Фінляндыі з Днём Незалежнасці



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«У шматгадовай гісторыі адносін паміж нашымі краінамі безумоўную каштоўнасць маюць перыяды канструктыўнага супрацоўніцтва. Менавіта за час узаемадзеяння, а не абмежаванняў быў здабыты каштоўны скарб чалавечых кантактаў, развіваліся сувязі паміж прадпрыемствамі і ўстановамі, адбываўся абмен вопытам, рэалізаваны праекты ў сферах сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі, транспарту і лагістыкі, адукацыі і культуры», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вяртанне Мінска і Хельсінкі да паўнацэннага дыялога ў цяперашніх умовах — гэта не догма і не палітычная дэкларацыя, а прадыктаваная сучаснымі абставінамі неабходнасць, патрабаванне абодвух народаў, якія хочуць жыць у міры і згодзе.

«Беларусь гатова да аднаўлення двухбаковага ўзаемадзеяння з Фінляндыяй і пашырэння яго спектра з улікам старшынства вашай краіны ў АБСЕ ў наступным годзе, — адзначыў Прэзідэнт. — Спадзяюся, Хельсінкі, як і 50 гадоў таму, будуць садзейнічаць вяртанню арганізацыі функцыянальных паняццяў, з якіх складаецца яе назва — бяспека і супрацоўніцтва».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім фінам моцнага здароўя, працвітання і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Звязда, 6 снежня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/5/76082
Текущая дата: 23.12.2024