Белорусский портал в Казахстане

Завяршыўся афіцыйны візіт Лукашэнкі ва Узбекістан



Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан. Самалёт кіраўніка дзяржавы вылецеў з Міжнароднага аэрапорта імя Іслама Карымава.

У аэрапорце беларускага лідара праводзілі прэм`ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў, міністр замежных спраў Бахтыёр Саідаў, выконваючы абавязкі хакіма (мэра) Ташкента Шаўкат Умурзакаў.

Цяперашні афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі яго ўзбекскі калега Шаўкат Мірзіёеў назваў гістарычным. Кіраўнікі дзяржаў на працягу некалькіх дзён у розных фарматах абмяркоўвалі будучыню двухбаковых адносін.

У сераду, 7 лютага, Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў наведалі хакейны матч - ташкенцкі клуб "Хумо" гуляў з камандай з Астаны "Намад". Прычым спаборніцтва завяршылася пераканаўчай перамогай гаспадароў.

Паралельна з візітам кіраўніка дзяржавы ў Ташкенце адбыўся Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Бакі заключылі кантракты на $80 млн, але праз пару дзён гэта значэнне вырасла практычна ў два разы. У выніку беларуская дэлегацыя ў час работы ў Ташкенце дасягнула дамоўленасцей на $150 млн.

Афіцыйныя перагаворы двух лідараў адбыліся 8 лютага. Як заявіў Прэзідэнт Узбекістана, за апошнія гады ўдалося кардынальна змяніць характар і змест узбекска-беларускіх адносін, вывесці іх на якасна новы ўзровень. "Ніколі ў гісторыі нашых адносін яшчэ не было такога ўзаемаразумення, такіх рэальных вынікаў", - сказаў Шаўкат Мірзіёеў.

У той жа час кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы, што тэмпы развіцця адносін маглі б быць больш сур`ёзнымі. "У нашым парадку дня - вельмі значны эканамічны блок. Я не бачу тут праблем з боку Прэзідэнта (Узбекістана.). Значыць, дзе мы не дапрацавалі, нам трэба быць актыўней. Трэба проста быць настойлівей. І гэта я перш за ўсё ў адрас пасла гавару. Таму паглядзіце, каб не тармазілі нашых калег", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, цяперашнія аб`ёмы тавараабароту - амаль $600 млн - не адпавядаюць існуючаму патэнцыялу, хоць і з`яўляюцца рэкордным паказчыкам.

"У бліжэйшыя год-паўтара трэба выходзіць на $1 млрд і глядзець наперад, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пакуль ёсць згода паміж урадамі і кіраўнікамі дзяржаў, трэба многае зрабіць. Трэба "завязаць" нашы адносіны. Моладзь заўтра прыйдзе да ўлады - яна іншая. У іх няма гэтага вопыту, яны не праходзілі гэты шлях, які мы прайшлі. У нас у памяці ёсць усё. Таму трэба гэты час не страціць".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь гатова ўнесці свой уклад у мадэрнізацыю Узбекістана: "Тыя тэхналогіі, якія вам патрэбны на сёння і нават заўтра, яны ў нас ёсць. Не трэба нідзе хадзіць па свеце і кланяцца. Мы вам гэта прапануем з адкрытым сэрцам, нічога не патрабуючы ад вас. І запатрабаваць не можам: мы роўнавялікія, аднолькавыя краіны - што мы будзем адна ад адной патрабаваць? Толькі на добрай аснове мы можам з вамі супрацоўнічаць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы і ўзбекі вельмі падобныя народы: "Талерантныя, гібкія, яны не глядзяць у агарод чужым людзям, ні ў каго нічога не адбіраюць, не збіраюцца ваяваць. Мы працавітыя народы і гатовы сваё шчасце самі шукаць і знаходзіць".

У гэты ж дзень прэзідэнты азнаёміліся з магчымасцямі вытворчага комплексу TEXNOPARK у Ташкенце. Аб`ядноўваючы 16 вытворчасцей і лагістычны цэнтр, TEXNOPARK з`яўляецца адным з самых інавацыйных, высокатэхналагічных вытворчых комплексаў у Цэнтральнай Азіі.

Наступны дзень Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў прысвяцілі не менш важнаму напрамку - супрацоўніцтву ў сферах спорту і турызму. Напярэдадні краіны падпісалі праграму супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы на 2024-2025 гады і план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва ў турызме.

Прэзідэнты наведалі гарналыжны комплекс "Амірсой" пад Ташкентам, дзе пагутарылі ў нефармальнай абстаноўцы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з магчымасцямі комплексу і апрабаваў гарналыжныя трасы.

10 лютага 2024, Ташкент
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/50/72575
Текущая дата: 18.11.2024