Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе тэатра.
Саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі бас Анатоль Сіўко ўдастоены ІІ прэміі 52-га Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Франсіска Віньяса.
Конкурс імя Франсіска Віньяса, які праходзіць у Барселоне з 1963 года, шырока вядомы ў музычным свеце і прызнаны адным з самых прэстыжных музычных спаборніцтваў. Сёлетні конкурс быў рэкордным па сваіх маштабах: прыняць удзел у ім выказалі жаданне 607 салістаў з 61 краіны. Адборачныя праслухоўванні праходзілі ў Парыжы, Лондане, Мілане, Берліне, Мадрыдзе, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Пекіне і Барселоне. Тры асноўныя туры прымала Барселона: першыя два адбыліся ў кансерваторыі Лісеу, фінальны - ў знакамітым тэатры Лісеу. Канкурсанты выконвалі па шэсць оперных арый. Лаўрэатаў вызначыла прадстаўнічае міжнароднае журы пад старшынствам артыстычнага дырэктара тэатра Лісеу, вядомага тэатральнага менеджара Крысціны Шэпельман.
Анатоль Сіўко ў трупе Вялікага тэатра Беларусі з 2013 года. У творчай біяграфіі маладога артыста ўдзел у праекце Salzburg Young Singers Project - 2011, супрацоўніцтва з дырыжорамі Уладзімірам Співаковым і Уладзімірам Юраўскім, выступленне з сольным канцэртам на фестывалі Валерыя Гергіева ў горадзе Мікелі (Фінляндыя, 2012), выступленні на сусветна вядомых сцэнах: Concertgebouw (Амстэрдам), Berlin Concert House (Берлін), Muzikverein (Грац). Анатоль Сіўко лаўрэат Міжнароднага конкурсу вакалістаў ў Кохтла-Ярве (Эстонія, 2008), Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Аксаны Петрусенкі ў Херсоне (Украіна, 2008), ІІ Сусветных дэльфійскіх гульняў у Саратаве (Расія, 2008), Міжнароднага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Клаўдзіі Таеў у Пярну (Эстонія, 2009), Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя А.П. Іванова ў Цверы (Расія, 2009), Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Мусліма Магамаева (Расія, 2012).
28 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/502/29280
Текущая дата: 15.11.2024