Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс www.novorossia.su.
Пагадненьне аб замірэньні з украінскімі ўладамі будзе падпісанае 9 сьнежня, заявіў кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) Ігар Платніцкі на пасяджэньні ўраду ЛНР 6 сьнежня,
«Учора тут былі прадстаўнікі Украіны. Узгоднена, папярэднія дамоўленасьці дасягнутыя. Пагадненьне будзе падпісанае 9 сьнежня», — сказаў Платніцкі. З гэтага дня, дадаў ён, у рэспубліцы пачнецца «этап цішыні».
Паводле словаў Платніцкага, пагадненьне будзе складацца зь некалькіх пунктаў, якія прадугледжваюць спыненьне вагню, вывад тэхнікі і далейшыя дзеяньні па ўрэгуляваньні канфлікту. Акрамя таго, у дакумэнце будуць прапісаныя ўмовы, пры якіх будзе адкрыты вагонь у адказ у выпадку парушэньня замірэньня.
Афіцыйны прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка 7 сьнежня заявіў РИА Новости, што ніякіх размоў аб пераносе даты перамоваў у Менску, прызначаных на 9 сьнежня, не вядзецца. «Ніякіх размоў аб пераносах няма. Акрэсьлена і дамоўлена — 9 сьнежня», — сказаў ён.
Пры гэтым Лысенка адзначыў, што «9 сьнежня зьяўляецца папярэдняй датай». «Тры бакі — Расея, Украіна і АБСЭ — рыхтуюцца да правядзеньня гэтых перамоваў, а беларускі бок гатовы забясьпечыць усе неабходныя ўмовы для перамоў трохбаковай кантактнай групы», — дадаў прадстаўнік РНБА.
Нагадаем, пра сустрэчу кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе 9 сьнежня ў Менску паведаміў у мінулую пятніцу, 5 сьнежня, на брыфінгу ў Харкаўскай вобласьці прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што «са стрыманым аптымізмам» глядзіць на магчымасьць спыненьня вагню пасьля сустрэчы.
«Задача — зацьвярджэньне пляну-графіка рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў, маецца на ўвазе, каб зь 9 сьнежня пачаўся дзень артылерыйскай цішыні, і на працягу 30 дзён выйсьці на лінію сутыкненьня, як адзначаецца ў менскім пратаколе», — сказаў прэзыдэнт Украіны, падкрэсьліўшы, што гэта павінна карэспандавацца з адводам цяжкага ўзбраеньня і тэхнікі і з забесьпячэньнем працы місіі АБСЭ па назіранні за рэжымам спыненьня вагню. Затым, заявіў Парашэнка, павінен адбыцца палітычны дыялёг з адменай вынікаў незаконных мясцовых выбараў і правядзеньнем новай выбарчай кампаніі на Данбасе.
Выбары кіраўніцтва самаабвешчаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік прайшлі 2 лістапада, аднак украінскія ўлады лічаць ЛНР і ДНР тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Перамовы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне адбыліся ў Менску 5 і 19 верасьня. Падчас першай сустрэчы быў падпісаны пратакол аб спыненьні вагню на Данбасе, паводле вынікаў другой — мэмарандум зь дзевяці пунктаў. Нягледзячы на гэта, неўзабаве ўзброеныя сутыкненьні на Данбасе аднавіліся.
Радыё Свабода, 7 сьнежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/509/28527
Текущая дата: 15.11.2024