Белорусский портал в Казахстане

Шэшаль: добраахвотна ў Гааскі суд не вярнуся



У Бялградзе сэрбскі нацыянал-радыкальны палітык Ваіслаў Шэшаль заявіў у інтэрвію агенцтву Reuters, што не зьбіраецца вяртацца ў Гаагу.

Паводле яго слоў, добраахвотна ён туды не паедзе. «І мы яшчэ паглядзім, як цяперашні рэжым зможа мяне экстрадаваць», — сказаў Ваіслаў Шэшаль.

«Калі сэрбскі ўрад вырашыць арыштаваць мяне, існуе прававая працэдура, якая азначае, што яны павінны будуць арыштаваць мяне і правесьці судовае паседжаньне і вынесьці пастанову суду, але і тады я буду мець права на апэляцыю. Я буду выкарыстоўваць усе свае законныя правы, каб супрацьстаяць арышту,» — заявіў Шэшаль.

У панядзелак пракуроры міжнароднага трыбуналу ААН заклікалі судзьдзяў вярнуць Шэшаля ў турму, адкуль ён быў вызвалены месяц таму з-за дрэннага стану здароўя.

Ваіслаў Шэшаль быў адпушчаны пасьля 12 гадоў знаходжаньня ў месцах пазбаўленьня волі, але прысуд у дачыненьні да яго так і не быў вынесены. Па вяртаньні ў Бялград ён стаў выступаць па тэлебачаньні і радыё, адстойваючы ідэі ваяўнічага нацыяналізму, якія ён у мінулым ужо распаўсюджваў у ходзе кровапралітнага распаду Югаславіі ў 1990-я гады.

Паводзіны Шэшаля паставілі ў складанае становішча трыбунал па ваенных злачынствах ААН у Гаазе. Пракуроры лічаць, што Шэшаль парушыў сваё абяцаньне не займацца палітычнай дзейнасьцю па вяртаньні ў Сэрбію.

«Ён ясна паказаў, што стан яго здароўя не зьяўляецца перашкодай для непрымальных публічных заяў, якія адыгрываюць падпальшчыцкую ролю і абразьлівыя для ахвяр яго злачынстваў,» — гаворыцца ў заяве пракурораў.

Шэшаль абвінавачваецца ў распальваньні міжэтнічных канфліктаў, якія прывялі да забойстваў, этнічных чыстак і іншых ваенных злачынстваў у Харватыі і Босьніі.

Каб дамагчыся вяртаньня Шэшаля ў Гаагу сэрбскі ўрад будзе абавязаны арыштаваць яго і экстрадаваць. Урад узначальвае Аляксандр Вучыч, былы блізкі паплечнік Шэшаля. У 2008 годзе Вучыч адмовіўся ад ультранацыяналізму свайго старога настаўніка і зрабіўся прыхільнікам далучэньня Сэрбіі да Эўразьвязу.

Радыё Свабода
2 сьнежня 2014, Менск

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/521/28494
Текущая дата: 27.12.2024