Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Беларуская міжнародная выстава, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння вучонага, першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, выхадца Беларусі Іосіфа Гашкевіча адкрылася 27 верасня ў Цэнтры падтрымкі грамадскасці горада Хакадатэ (Японія).
Арганізатарамі гэтага выставачнага праекта, які раней з поспехам прайшоў у Мінску, Санкт-Пецярбургу і Парыжы, выступілі Нацыянальны гістарычны музей, Музей гісторыі фатаграфіі імя Валерыя Рзевускі, Міністэрства замежных спраў Беларусі, пасольства Японіі ў Мінску, архіў знешняй палітыкі Расійскай імперыі, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Фінансавую падтрымку ў рэалізацыі праекта аказала кампанія Japan Tobacco International у Беларусі.
Праект уяўляе сабой інтэрактыўную фотадакументальную выставу, якая пазнаёміць культурную грамадскасць японскіх грамадзян з асобай і працай Іосіфа Гашкевіча, які служыў на пасадзе расійскага консула ў Хакадатэ. Па яго ініцыятыве ў горадзе была адкрыта руская школа, а пры консульстве працавала бальніца, якая бясплатна прымала японцаў.
Іосіф Гашкевіч нарадзіўся 16 сакавіка (4 сакавіка па старым стылі) 1814 года ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні (цяпер Гомельская вобласць). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу, пасля амаль 10 гадоў быў у складзе рускай духоўнай місіі ў Пекіне.
У 1852 годзе быў накіраваны ў якасці перакладчыка і саветніка ў Японію. Праз тры гады ўдзельнічаў у працэдуры заключэння першага дыпламатычнага пагаднення аб міры і дружбе паміж Расіяй і Японіяй. На працягу васьмі гадоў быў расійскім консулам у горадзе Хакадатэ. Пасля прыезду з Японіі служыў у азіяцкім дэпартаменце МЗС Расійскай імперыі, а ў 1867 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе набыў маёнтак каля Астраўца (цяперашняя Гродзенская вобласць).
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 27 верасня 2014
Мінск, 27 верасня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/530/27602
Текущая дата: 26.12.2024