Белорусский портал в Казахстане

У мінскіх дамоўленасцях не ідзе гаворкі пра федэралізацыю ці адчужэнне ўкраінскіх земляў



Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны на пашыраным пасяджэнні Кабінета міністраў 10 верасня. "Ні пра якую федэралізацыю, ні пра якое адчужэнне ў пратаколе гаворка не ідзе і ісці не можа", — падкрэсліў Пётр Парашэнка.

Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што на наступным тыдні ў Вярхоўную раду будзе ўнесены законапраект аб адмысловым статусе асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей. Гэты дакумент, паводле слоў Парашэнкі, закліканы забяспечыць "мірнае вяртанне адпаведных тэрыторый пад украінскі суверэнітэт". "Я прасіў бы падтрымаць гэты законапраект. І прасіў бы, каб мы ні ў якім разе не сарвалі мірны працэс", — цытуе прэзідэнта агенцтва Интерфакс-Украина.

Пётр Парашэнка заўважыў, што "ніякія ЛНР і ДНР у мінскім пратаколе не згадваюцца". "Мы гаворым, што законапраект Украіны аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей прадугледжвае выразна статус гэтых рэгіёнаў у складзе Украіны", — падкрэсліў украінскі лідар.

Нагадаем, з аналагічнай заявай выступіў напярэдадні МЗС Украіны. Дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Яўген Перабійніс, у прыватнасці, заявіў, што падпісанне 5 верасня ў Мінску пратакола аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне не азначае легітымізацыі так званых Луганскай і Данецкай народных рэспублік. "Важным палітычным аспектам з`яўляецца тое, што ўказаныя дамоўленасці дасягнуты на прынцыпах павагі да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў пратаколе "не згадваюцца так званыя ЛНР і ДНР". "Грамадзяне Захарчанка і Плотніцкі (прэм`ер-міністры самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Плотніцкі. — БелаПАН.) падпісалі пратакол без указання сваіх пазіцый, таму факт падпісання гэтага пратакола ніякім чынам не азначае легітымізацыю гэтых незаконных груповак", — сказаў Перабійніс.

Пратакол аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне, які складаецца з 12 пунктаў, быў падпісаны 5 верасня ў Мінску на пасяджэнні кантактнай групы ў фармаце Расія — Украіна — АБСЕ — сепаратысты Данбаса. Паведамлялася, што ўдзельнікі перамоў дамовіліся сабрацца праз сем-восем дзён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 10 верасня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/531/27472
Текущая дата: 25.12.2024