Белорусский портал в Казахстане

Прычыны ўзніклай ва Украіне сітуацыі ляжаць у саміх украінцах



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы 9 верасня з работнікамі Мінскага вытворчага гарбарнага аб`яднання ў Гатава (Мінскі раён).

"Глыбінныя прычыны ўзніклай ва Украіне сітуацыі — не ў амерыканцах і не ў еўрапейцах, а ў іх саміх, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. — Гэта карупцыя, развал улады, бандытызм — усё пачалося адтуль, і далей — болей. А калі ўбачылі, што ў цэнтры Еўропы разгараецца канфлікт, тады пачалі ўжо дроўцы падкідаць".

Кіраўнік дзяржавы лічыць важным, каб украінская сітуацыя не распаўсюдзілася за межы гэтай краіны. У той жа час, адзначыў ён, у Беларусі сітуацыя будзе спакойнай. "Калі ў нас у эканоміцы будзе нармальна, калі нашы людзі будуць занятыя справай, тады і мірна будзе ў краіне. Трэба жыць у сваёй краіне і займацца мірнай справай", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўленая ў спыненні эскалацыі канфлікту ва Украіне і, наколькі гэта магчыма, стараецца "ўціхамірыць там сітуацыю". "Ва Украіне ідзе братазабойчая вайна, я ўжо не аднойчы аб гэтым гаварыў. Гэта канкурэнцыя, гэта супрацьстаянне, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вы разумееце, каму гэта выгадна. Гэта нам нявыгадна, гэта Украіне нявыгадна, дый Расіі нявыгадна. Чаму Украіне? Таму што іх людзі гінуць на іх тэрыторыі. Таму што гэта дэстабілізуе становішча ва Украіне. Гэта не трэба нікому — гэта разбурае ўвесь уклад жыцця".

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на ролі інфармацыйных войнаў, у тым ліку — ва ўкраінскім канфлікце. "Сёння гэта не тая вайна, што была калісьці, ідзе інфармацыйная вайна. Не бойцеся інфармацыйных войнаў, слухайце ўсё і дзяліце на дзесяць", — парэкамендаваў кіраўнік дзяржавы.

Супраць Беларусі, дадаў ён, таксама вялася інфармацыйная вайна. "Але мы выстаялі, таму трэба глядзець спакойна на гэтыя інфармацыйныя войны", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 9 верасня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/532/27463
Текущая дата: 25.12.2024