Белорусский портал в Казахстане

Сэпаратысты ва Ўкраіне выкарыстоўваюць штораз больш сучасную зброю



Усяго некалькі месяцаў таму сэпаратысцкія настроі на ўсходзе Ўкраіны падаграваліся кулачнымі бойкамі і прынагодным выкарыстаньнем стралковай зброі.

У меру таго як абвастраліся беспарадкі, на сцэне зьявіліся аўтаматы Калашнікава і бутэлькі з запальнай сумесьсю. А ў апошнія тыдні сэпаратысты пачалі ўжываць нашмат больш складаныя віды зброі ў змаганьні супраць украінскіх урадавых сілаў на фоне штораз гучнейшых абвінавачваньняў, што пастаўшчыком гэтай зброі зьяўляецца Расея.

Вось кароткі напамін, якія віды больш складанай і сучаснай зброі былі выкарыстаныя сэпаратыстамі ў апошнім часе.

БТР

Бронетранспарцёры (БТР) упершыню апынуліся ў руках сэпаратыстаў у красавіку.

Танк Т-64

Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў у пачатку чэрвеня, што здымкі са спадарожнікаў НАТО паказваюць, што тры танкі Т-64 перасеклі расейска-ўкраінскую мяжу ў раёне ўкраінскага гораду Сьняжное.

Украінская армія мае на ўзбраеньні танкі Т-64, і гэта пакідае адкрытай магчымасьць, што сэпаратысты маглі здабыць іх і ва Ўкраіне.

30 чэрвеня ўкраінскія вайскоўцы заявілі, што захапілі танк Т-64 каля Арцёмаўску ў Данецкай вобласьці і што гэты захоплены танк быў з расейскіх вайсковых запасаў.

Пераносны зэнітна-ракетны комплекс

Баявікі пачалі выкарыстоўваць пераносныя зэнітна-ракетныя комплексы (ПЗРК) для зьбіваньня ўкраінскіх вайсковых самалётаў у чэрвені.

Паводле паведамленьняў, сэпаратысты зьбілі ня менш за 10 машынаў, у тым ліку пяць верталётаў Мі-24, два верталёты Мі-8, адзін Ан-2, адзін Ан-30 ды таксама ўкраінскі транспартны самалёт. Прарасейскія баевікі таксама заявілі, што зьбілі два ўкраінскія зьнішчальнікі Су-25 16 ліпеня.

Многія з гэтых машынаў, як мяркуецца, былі зьбіты пры дапамозе ПЗРК, хоць маглі быць выкарыстаныя і больш складаныя сыстэмы, такія як БУК.

Сыстэма залпавага агню БМ-21 Град


Гэтая сыстэма выкарыстоўваецца як у расейскай, так і ва ўкраінскай арміях.

Прарасейскія сэпаратысты выкарысталі гэтую сыстэму 11 ліпеня ў Луганскай вобласьці, забіўшы 23 вайскоўцаў і параніўшы каля сотні іншых. Паведамленьні аб выкарыстаньні гэтай сыстэмы сэпаратыстамі паступалі пасьля гэтага яшчэ некалькі разоў.

Рэактыўная сыстэма залпавага агню Тарнада

Украінскія ўлады заявілі, што сыстэма Тарнада — уведзеная ў карыстаньне расейскай арміі ў 2010 годзе — была выкарыстаная сэпаратыстамі ў атацы 13 чэрвеня, у якой, паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, загінулі 19 іхных калегаў.

Зэнітна-ракетны комплекс БУК


Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) 18 ліпеня апублікавала аўдыёзапіс, у якім сэпаратысты нібыта абмяркоўваць атрыманьне сыстэмы БУК разам з абслугай з Расеі.

Незадоўга да таго, як быў зьбіты пасажырскі самалёт малайзійскіх авіяліній, журналісты Associated Press паведамілі, што бачылі нешта падобнае на ракетны комплекс БУК каля захопленага сэпаратыстамі гораду Сьняжное.

29 чэрвеня ІТАР-ТАСС паведаміў, што сэпаратысты валодаюць адным зэнітна-ракетным комлексам БУК. У паведамленьні не ўдакладняецца, ці гэты комплекс быў атрыманы з расейскай ці з украінскай арміі.

БУК уяўляе сабой складаную сыстэму агню, якая патрабуе некалькіх кваліфікаваных апэратараў. Сыстэма звычайна ўключае чатыры аўтамабілі, на якіх разьмяшчаюцца камандны пункт комплексу, радар, ракетная ўстаноўка зь яшчэ адным радарам, і група забесьпячэньня.

Радыё Свабода
18 ліпеня 2014, Менск

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/540/26693
Текущая дата: 26.12.2024