Белорусский портал в Казахстане

Тэхніка БелАЗ удастоена Гран-пры на спецыялізаванай выстаўцы ў Новакузнецку



Пра гэта паведамілі на Беларускім аўтамабільным заводзе.

Тэхніка БелАЗ удастоена Гран-пры на XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "Вугаль Расіі і Майнінг - 2014" (буйнейшай у Расіі па горнай тэматыцы), якая адбылася ў Новакузнецку.

Размова ідзе аб кар`ерным самазвале БелАЗ-75581 грузападымальнасцю 90 т з электрамеханічнай трансмісіяй пераменнага току. "Прадстаўленая на конкурс "Лепшы экспанат" новая перспектыўная распрацоўка спецыялістаў беларускага завода ўжо атрымала прызнанне і высокую ацэнку гарнякоў на кар`ерах блізкага і далёкага замежжа", - адзначылі на прадпрыемстве.

Адна з работ расійскіх і беларускіх вучоных вылучана на саісканне прэміі ўрада Расіі ў галіне навукі і тэхнікі 2014 года. У яе аўтарскі калектыў увайшлі супрацоўнікі навукова-тэхнічнага цэнтра ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг", ФДУП ЦНДІчармет імя І.П. Бардзіна, ААТ "Поўначсталь", ААТ "Магнітагорскі металургічны камбінат", ТАА "Юргінскі машзавод".

Праца датычыцца стварэння новых высокатрывалых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу горназдабыўных комплексаў і транспартных сродкаў, здольных безаварыйна працаваць пры нізкіх кліматычных тэмпературах і высокіх нагрузках. На думку прадстаўнікоў БелАЗа, прымяненне такіх тэхналогій мае вялікае народна-гаспадарчае значэнне. Работа, выкананая па праграме Саюзнай дзяржавы, ужо дала значны эканамічны і практычны эфект. Нядаўна БелАЗ выпусціў першы кар`ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т, які занесены ў кнігі рэкордаў СНД і Еўропы, а таксама заяўлены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі па грузападымальнасці кар`ерны самазвал. "Пры стварэнні гэтага аўтагіганта былі выкарыстаны эканомналегіраваныя высокатрывалыя сталі, асваенне тэхналогіі вырабу якіх пакладзена ў аснову вылучанай на саісканне ўрадавай прэміі работы", - адзначылі на прадпрыемстве.

ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар`ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, якое прымяняецца ў горназдабыўной і будаўнічай галінах прамысловасці.

30 чэрвеня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/543/26496
Текущая дата: 27.12.2024