Белорусский портал в Казахстане

Віктар Януковіч па-ранейшаму лічыць сябе прэзідэнтам Украіны і просіць Расію арганізаваць яго бяспеку



Пра гэта гаворыцца ў яго звароце да ўкраінскага народа, што паступіў у шэраг расійскіх СМІ.

"На вуліцах многіх гарадоў нашай краіны — разгул экстрэмізму. У мой адрас, у адрас маіх паплечнікаў гучаць пагрозы фізічнай расправы. Вымушаны прасіць улады РФ арганізаваць мне асабістую бяспеку ад дзеянняў экстрэмістаў", — цытуе тэкст звароту РИА Новости.

"Па-ранейшаму лічу сябе законным кіраўніком украінскай дзяржавы, абраным на аснове свабоднага волевыяўлення ўкраінскіх грамадзян", — гаворыцца ў звароце.

Януковіч таксама сцвярджае, што "як дзейны прэзідэнт не дазваляў Узброеным сілам Украіны ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя падзеі". "Загадваю гэта і цяпер. У выпадку, калі хтосьці стане аддаваць падобныя загады Узброеным сілам і сілавым структурам, такія загады будуць з`яўляцца незаконнымі, злачыннымі", — гаворыцца ў яго звароце да ўкраінскага народа.

Са спасылкай на крыніцу ва ўладных структурах Расіі РІА Новости таксама паведамляе, што "просьба Віктара Януковіча аб арганізацыі яго асабістай бяспекі была задаволеная на тэрыторыі РФ".

22 лютага Вярхоўная рада Украіны адхіліла Віктара Януковіча ад улады, змяніла Канстытуцыю краіны, усклала выкананне абавязкаў прэзідэнта на спікера парламента Аляксандра Турчынава і прызначыла прэзідэнцкія выбары на 25 мая.

Месцазнаходжанне Януковіча невядомае з 22 лютага. Паводле інфармацыі расійскага агенцтва РБК, у ноч з 25 на 26 лютага Януковіч прыбыў у Маскву. З групай набліжаных яго нібыта бачылі ў гасцініцы "Украіна", пасля чаго ён адбыў у падмаскоўны санаторый "Барвіха", які належаць Кіраўніцтву спраў прэзідэнта РФ.

Новыя ўлады Украіны аб`явілі Віктара Януковіча ў міжнародны вышук па артыкуле Крымінальнага кодэкса аб наўмысным забойстве.

БелаПАН
Мінск, 27 лютага2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/547/25222
Текущая дата: 16.11.2024