Белорусский портал в Казахстане

У Грузіі інаўгурацыя новага прэзыдэнта



Кандыдат ад кіруючай кааліцыі "Грузінская мара" атрымаў перамогу на выбарах, якія прайшлі 27 кастрычніка.

Паводле зьвестак Цэнтрвыбаркама, за 44-гадовага Георгія Маргвелашвілі прагаласавалі больш за 62 працэнты выбаршчыкаў.

Цырымонія яго ўступленьня на пасаду пройдзе ў двары былога будынка парлямэнта ў Тбілісі. Чакаецца прысутнасьць больш як 50 замежных дэлегацый. Папярэднік Маргвелашвілі на пасадзе, трэці прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ўдзельнічаць у цырымоніі адмовіўся, ён спаслаўся на палітычныя рознагалосьсі з новым кіраўніцтвам краіны.

Сёньня ж у Грузіі ўступаюць у сілу папраўкі ў канстытуцыю, якія значна абмяжуюць уладу прэзыдэнта на карысьць прэм`ер-міністра і ўрада. Таксама, паводле зьменаў, пасьля інаўгурацыі абранага прэзыдэнта дзейны ўрад павінны скласьці свае паўнамоцтвы. Цягам сямі дзён Маргвелашвілі афіцыйна прадставіць на пасаду прэм`ера Іраклія Гарыбашвілі, якога цяперашні прэм`ер Бідзіна Іванішвілі назваў сваім пераемнікам.

Напярэдадні кіраўнік МЗС краіны Майя Панджыкідзэ заявіла, што на цырымонію інаўгурацыі ў Тбілісі прыедуць 53 афіцыйныя дэлегацыі, як ад сяброўскіх краін, так і міжнародных арганізацый, перадае РИА Новости. Паводле міністра, у Тбілісі прыедзе кіраўнік Літвы Даля Грыбаўскайце, якая будзе прадстаўляць не толькі сваю краіну, але і Эўразьвяз, дзе Літва на гэты пэрыяд зьяўляецца старшынёй, прэм`ер-міністры Азэрбайджана і Аўстрыі, сем міністраў замежных спраў і прадстаўнікі ўрадаў.

Беларусь на інаўгурацыі прадстаўляе намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі.

Радыё Свабода, 17 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/548/24096
Текущая дата: 28.09.2024