Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным разбураць Садружнасць Незалежных Дзяржаў



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў 5 мая на сустрэчы са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.

"Скажам адкрыта, мы перажываем няпросты перыяд", — адзначыў прэзідэнт. Разам з тым ён выказаў упэўненасць, што з гэтымі праблемамі ўдасца справіцца. "Але разбураць, хай нават не зусім такую, якое б мы хацелі, Садружнасць, да якой мы імкнёмся, тым не менш нельга", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Таму мы з вамі прынялі рашэнне, што СНД была, ёсць і будзе, што мы павінны працаваць, і рашэнне аб тым, што, калі па пэўных прычынах Украіна не зможа старшынстваваць сёлета ў Садружнасці, мы возьмем на сябе гэту адказнасць як дзяржава, дзе размешчана штаб-кватэра СНД", — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка папрасіў Лебедзева праінфармаваць яго пра падзеі, звязаныя з падрыхтоўкай пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. "Але да гэтага і кіраўнікі ўрадаў, і іншыя ведамствы павінны правесці свае мерапрыемствы і падрыхтаваць гэты савет, каб ён быў эфектыўным і дзейным", — дадаў прэзідэнт.

Лебедзеў выказаў падзяку Лукашэнку за гатоўнасць другі раз запар прыняць старшынства ў СНД і правесці на беларускай зямлі шэраг важных форумаў, якія першапачаткова планаваліся ва Украіне. "Вы вельмі хутка падхапілі сцяг СНД. Мне імпануюць Вашы словы, што па-іншаму і быць не магло, бо штаб-кватэра СНД знаходзіцца ў Мінску. У мяне і ў дзяржавах Садружнасці ёсць глыбокая ўпэўненасць, што старшынства Беларусі другі год запар пройдзе даволі паспяхова", — заявіў старшыня Выканкама СНД.

"Мінулы год старшынства Беларусі ў СНД паказаў актыўны і зацікаўлены ўдзел усіх структур улады, грамадзян Беларусі ў інтэграцыйным супрацоўніцтве. Першыя крокі ўжо ў новым старшынстве сёлета паказваюць, што многія мерапрыемствы, якія запланаваныя сёлета ў інтэграцыйным узаемадзеянні, будуць праведзеныя і паслужаць далейшаму ўмацаванню інтэграцыйнага супрацоўніцтва", — сказаў Лебедзеў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 5 мая 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/548/25947
Текущая дата: 28.12.2024