Белорусский портал в Казахстане

ЮНЕСКА і ў далейшым будзе супрацоўнічаць з Беларуссю па ўсім спектры напрамкаў, і прадоўжыць работу па захаванні беларускай культурнай спадчыны



Аб гэтым заявіла генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава 18 красавіка на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Ірына Бокава адзначыла, што ЮНЕСКА прадстаўляе шырокую платформу для міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культурнай спадчыны, развіцці навукі і адукацыі.

Яна акцэнтавала ўвагу на значнасці сумеснай работы. "Важна, каб мы прадоўжылі работу, якую арганізацыя пачала амаль 70 гадоў таму, - заявіла генеральны дырэктар. - І мы будзем разам працаваць над захаваннем беларускай спадчыны".

Ірына Бокава таксама адзначыла, што "Беларусь - старажытная краіна, і ёй ёсць што паказаць свету".

Яна падзялілася з Прэзідэнтам сваімі ўражаннямі ад сённяшняга наведвання МДЛУ, дзе чытала лекцыю. Кіраўнік ЮНЕСКА была ўражана гэтай сустрэчай і звярнула ўвагу на вялікую цікавасць студэнтаў да тэматыкі ЮНЕСКА. "Яны ведаюць пра ЮНЕСКА, яны цікавяцца захаваннем матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны і пыталіся, колькі помнікаў культурнай спадчыны Беларусі, беларускіх традыцый мы можам уключаць у спіс Сусветнай спадчыны", - расказала Ірына Бокава.

На яе думку, калі маладыя людзі ведаюць сваю гісторыю, вераць у сваю ідэнтычнасць, то яны будуць больш упэўнена глядзець у будучае і больш мабілізаваны вырашаць сённяшнія праблемы.

Генеральны дырэктар ЮНЕСКА запэўніла: "Мы будзем разам працаваць, каб як мага больш развіваць культурную ідэнтычнасць, падтрымліваць гісторыю спадчыны і не проста глядзець кудысьці, а глядзець у будучае".

18 красавіка 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/550/25840
Текущая дата: 28.12.2024