Белорусский портал в Казахстане

Суд у Кыргызстане завочна прыгаварыў Курманбека Бакіева да 25 гадоў зняволення



Былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго сваякі завочна прыгавораны Першамайскім судом Бішкека да працяглых тэрмінаў зняволення па справе аб спробе забойства замежнага бізнесмена Шона Дэйлі.

Як паведамілі агенцтву FOR.kg у Вярхоўным судзе краіны, Бакіеў прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Згодна з крыніцай, брат звергнутага прэзідэнта і былы кіраўнік Службы дзяржаўнай аховы Жаныбек Бакіеў завочна прыгавораны да пажыццёвага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Сыны Курманбека Бакіева Марат і Максім прыгавораны адпаведна да 20 гадоў турмы і пажыццёвага зняволення.

Нагадаем, Курманбек Бакіеў займаў прэзідэнцкую пасаду з 2005 года. 19 красавіка 2010 года пасля дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане Бакіеў з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыехаў у Беларусь паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, у жніўні таго ж года ён атрымаў беларускае грамадзянства.

Новыя ўлады Кыргызстана неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева, але атрымлівалі адмову. На думку беларускага боку, прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы Бакіева няма.

11 лютага 2013 года Курманбек і Жаныбек Бакіевы прыгаворам Ваеннаго суда Бішкекскага гарнізона былі завочна асуджаны па справе аб забойстве трох чалавек. Курманбеку Бакіеву прызначана пакаранне ў выглядзе 24 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, яго брату — пажыццёвага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

БелаПАН

Мінск, 5 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/553/25637
Текущая дата: 29.12.2024