Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка параўнаў ідэю аб амерыканскай выключнасці з нацызмам



Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў у інтэрв`ю казахскаму тэлеканалу 24 KZ напярэдадні свайго візіту ў Казахстан, які адбудзецца 3—4 кастрычніка.

Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі небяспечным прапаганду ідэі "амерыканскай выключнасці" і параўноўвае яе з сітуацыяй у нацысцкай Германіі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.

Каментуючы заяву прэзідэнта ЗША Барака Абамы пра выключную ролю амерыканскай нацыі на міжнароднай арэне, Лукашэнка сказаў: "Вы паглядзіце, да чаго дагаварыліся. Амерыканская нацыя (як гісторык не магу гэта зразумець, што за нацыя такая) прысвоіла сабе права нейкай выключнасці".

"Мы гэтую выключнасць у сярэдзіне мінулага стагоддзя перажылі, і яна каштавала 50 мільёнаў жыццяў. Тут ужо патыхае чымсьці нядобрым", — дадаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік пагадзіўся з Уладзімірам Пуціным, які раней раскрытыкаваў заяву Барака Абамы: "Самае страшнае, калі мы гэтую ідэалогію пра нашу выключнасць убіваем у галаву свайго насельніцтва. І яны (кіраўніцтва ЗША. — БелаПАН.), як гэта было калісьці ў Германіі, пачынаюць разумець, што гэта асаблівая раса, асаблівая кроў, асаблівая выключнасць, і мы павінны наводзіць парадак у свеце і ўсіх падстрыгчы пад свае стандарты. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя".

Асабліва недапушчальным Лукашэнка лічыць гэтую рыторыку з вуснаў цяперашняга прэзідэнта ЗША: "Наогул мяне Абама здзіўляе. Яшчэ зусім нядаўна чарнаскурыя людзі ў Амерыцы рабамі былі, сёння ўжо пра выключнасць нейкую заяўляюць. Я ніколі не думаў, што чалавек, які выйшаў з гэтых бедных слаёў, зможа такую рыторыку ў свеце праводзіць".

"Дарэчы, і нашы, і вашы, і расійскія дэмакраты — яны як быццам гэтага не заўважаюць, што сказаў іх гаспадар", — заявіў Лукашэнка.

Арцём Шрайбман, БелаПАН
Мінск, 2 кастрычніка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/556/23659
Текущая дата: 06.11.2024