Белорусский портал в Казахстане

Беларускі дакументальны фільм "Асаблівы тэатр. У пошуках шчасця" пакажуць у Бразіліі



Аб гэтым паведамілі на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

Дакументальны фільм Кацярыны Махавай "Асаблівы тэатр. У пошуках шчасця" будзе прадстаўлены ў конкурснай праграме VI Міжнароднага кінафестывалю фільмаў аб людзях з абмежаванымі магчымасцямі ў Бразіліі, які пройдзе з 20 жніўня па 1 верасня ў сталіцы краіны Бразіліа, а таксама ў Рыа-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу.

Фільм "Асаблівы тэатр. У пошуках шчасця" расказвае аб тэатры "Мімоза", у якім не іграюць прафесійныя артысты. Сюды прыходзяць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якім гэты тэатр дае шанц раскрыць і рэалізаваць творчыя здольнасці, пазбавіцца ад комплексаў, звязаных з інваліднасцю, знайсці шчасце. У фільме праз лёсы ўдзельнікаў тэатра Ганны, Аляксандра і Андрэя глядач далучаецца да цудоўнага пластычнага свету асаблівага тэатра, дзе ігра цесна пераплецена з рэальнасцю.

Міжнародны кінафестываль фільмаў аб людзях з абмежаванымі магчымасцямі праводзіцца з 2003 года пад эгідай Культурнага цэнтра Банка Бразіліі. У конкурсную праграму 2013 года ўключаны 22 фільмы кінематаграфістаў з Польшчы, Францыі, Партугаліі, Іспаніі, Аўстраліі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Балгарыі, Нарвегіі, Расіі, Канады.

4 ліпеня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/566/21943
Текущая дата: 05.11.2024