Белорусский портал в Казахстане

У Кіеве ўкраінцы зьбілі славянскіх актывістаў



У Кіеве ўкраінскія патрыёты напалі на ўдзельнікаў акцыі «Братні шлях. Руская дарога». Паводле кіеўскага праваслаўнага актывіста, на ўдзельнікаў прабегу пад лёзунгам аб’яднаньня славянскіх народаў напалі ўкраінскія нацыяналісты, піша «Обозреватель».

Прадстаўнік грамадзкай арганізацыі «Народны сабор» Дзьмітры Жукаў паведаміў:

«Гэта адбылося на Жытомірскай трасе. Іх спынілі баевікі на дзьвю машынах з крыкамі «Слава Ўкраіне — сьмерць ворагам!» Яны моцна разьбілі аўтамабіль суправаджэньня з надпісам «Россия — Сербия» і выкарыстоўвалі газавыя балёнчыкі.

Паводле Жукава, нападнікі таксама забралі з сабою бюст цара Мікалая ІІ. Актывіст не выключае, што гэта было зроблена для далейшага зганьбаваньня.

Бюст Мікалая ІІ чакалі ў Сэрбіі ў якасьці падарунка сэрбскаму Рускаму дому.

Акцыя стартавала ў Сергіевым Пасадзе (Расея), далей маршрут пралягаў празь Беларусь, Украіну, далей на Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Вугоршчыну, а 1 жніўня прабег меўся закончыцца ў Бялградзе.

У акцыі ўдзельнічаюць чацьвёра грамадзянаў Беларусі, адзін чалавек з Днепрапятроўску і арганізатар з Памдаскоўя. Падчас акцыі некалькі чалавек бягуць, папераменна трымаючы сьцягі: чорна-жоўта белы расейскі імпэрскі, а таксама дзяржаўныя сьцягі Расеі, Украіны і Рэспублікі Беларусь.

Радыё Свабода
, 1 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/567/21972
Текущая дата: 05.11.2024