Белорусский портал в Казахстане

Хацунь — Бранская Хатынь



70 гадоў таму фашыстамі была спалена вёска Хатынь: журботны боль і сёння сціскае сэрцы беларусаў. Падзяляюць гэты невыносны боль і славянскія браты з Расіі і Украіны. І там у час нашэсця "карычневай чумы" былі свае Хатыні.

У прадстаўніцтве Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Мінску — успаміналі пра самыя сумныя моманты нашай агульнай гісторыі — трагедыі мірнага насельніцтва, якое стала ахвярай ваеннага ліхалецця ў перыяд Вялікай Айчыннай.

Кіраўнік прадстаўніцтва федэральнага агенцтва па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва), саветнік Пасольства Расіі ў Беларусі Віктар Малашэнка адкрыў вечар-рэквіем просьбай не забываць пра самыя страшныя моманты мінулай вайны. Інакш гісторыя крывавых бесчалавечных распраў можа паўтарыцца. Ён з горыччу расказваў прысутным аб тым, што ў час Вялікай Айчыннай адбывалася на яго малой радзіме — у Бранскай вобласці. За гады вайны гітлераўцы знішчылі тут больш як 75 000 мірных савецкіх грамадзян. Больш за дзясятак мясцовых вёсак перажылі лёс Хатыні.

Пра гібель адной з іх падчас мерапрыемства расказаў госць з Расіі — намеснік дырэктара Бранскага аб`яднанага краязнаўчага музея, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі Уладзімір Аляксееў:

— 24 кастрычніка 1941 года ў вёсцы Хацунь Верхапольскага савета некалькі чырвонаармейцаў, якія выходзілі з акружэння, напалі на траіх фашыстаў і вызвалілі групу з шасці ваеннапалонных. Двое немцаў былі забіты, а трэці, паранены, паспеў уцячы ў лес. А на досвітку 25 кастрычніка вёску акружылі карнікі. Фашысты сагналі ў адно месца жыхароў вёскі і бежанцаў з Бранска і расстралялі ўсіх з кулямётаў. Шасцімесячную Ніну Кандрашову праткнулі штыком у люльцы, а сямнаццацігадовую Ніну Яшыну, знайшоўшы ў яе нейкую рэч забітага чырвонаармейцамі немца, прыбілі цвікамі да варот. Першым расстралялі перад народам лесніка з урочышча Гвазды Герасіма Тарасава, пасля — яго 29-гадовага сына Ілью. Наступным загінуў ляснік з Фралоўскага пасёлка Міхаіл Кандрашоў. А пасля сталі расстрэльваць усіх астатніх.

318 чалавек забілі, а вёску спалілі. Целы расстраляных праляжалі пад адкрытым небам каля двух тыдняў. Хаваць загінулых жыхарам навакольных вёсак немцы забаранялі. Адзінкі выратаваліся ў гушчары лесу. Хацунь стала адной з першых ахвяр нямецкага генацыду на савецкай зямлі. Яе лёс паўтарылі 12 населеных пунктаў Бранскай вобласці, а ўсяго за гады акупацыі на Браншчыне фашыстамі было знішчана 930 вёсак.

У 1977 годзе было прынята рашэнне аб стварэнні ў Хацуні мемарыяльнага комплексу ў памяць аб ахвярах фашызму. Аднак першапачатковы праект не быў цалкам ажыццёўлены.

У 2009 годзе пачаліся работы па поўнай рэканструкцыі мемарыяла. Адкрыццё абноўленага мемарыяльнага комплексу адбылося 25 кастрычніка 2011 года — у дзень 70-годдзя хацунскай трагедыі. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел тагачасны старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, дэлегацыі суседніх рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

...Напрыканцы сустрэчы ў Рассупрацоўніцтве старшыня Каардынацыйнага савета кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб`яднанняў расійскіх суайчыннікаў Іван Міхайлавіч Корда заклікаў усіх максімальна беражліва ставіцца да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, аберагаць яе ад усялякіх магчымых спроб рэвізіянізму і фальсіфікацый.

Уладзімір Аляксандраў
Звязда, 23 сакавіка 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/579/20078
Текущая дата: 05.11.2024