Белорусский портал в Казахстане

Напярэдадні сваёй адстаўкі Бенедыкт ХVI выказаў удзячнасць усім, хто знаходзіўся побач падчас яго папства



Апошняя ўсеагульная аўдыенцыя цяперашняга пантыфіка Бенедыкта ХVI прайшла 27 лютага ў Ватыкане, напярэдадні выхаду кіраўніка каталіцкай царквы ў адстаўку. Прамую трансляцыю выступлення пантыфіка вёў міжнародны тэлеканал Euronews.

Па ацэнках прысутных, на плошчы святога Пятра сабраліся прыкладна 200 тысяч чалавек, каб паслухаць апошнія словы парады кіраўніка каталіцкай царквы.

Звяртаючыся да паставы з развітальнай прамовай, кіраўнік прастола выказаў удзячнасць усім, хто знаходзіўся побач з ім на працягу ўсіх васьмі гадоў яго папства. "Я заклікаю вернікаў адрадзіць давер да Бога, адрадзіць веру, нават калі многія з вас адчуваюць некаторую стомленасць, — звярнуўся да вернікаў Бенедыкт ХVI. — Маліцеся і захоўвайце непахісную веру ў Бога і царкву. Не губляйце веры нават у самыя цяжкія моманты ў жыцці царквы, Гасподзь побач з намі і ніколі нас не пакідае".

"Я адчуваю, што сілы пакідаюць мяне, — патлумачыў пантыфік сваё рашэнне аб адстаўцы. — Я прыняў рашэнне пакінуць пасаду і ўсведамляю, наколькі сур`ёзны гэты ўчынак, тым не менш, я на яго іду. Удзячны царкве за тое, што ўсе падтрымліваюць мяне за гэту мужнасць. Я не пакідаю крыж, не вяртаюся ў свецкае жыццё, я назаўсёды застаюся побач з Ісусам Хрыстом".

Пасля прамовы ён адправіўся ў сваю афіцыйную рэзідэнцыю — палац Сікста V, які завецца Апостальскім палацам. Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі свецкай улады, у прыватнасці прэзідэнтам Славакіі Іванам Гашпаравічам, а таксама міністр-прэзідэнтам нямецкай зямлі Баварыя Хорстам Зеехоферам.

28 лютага ў гэтай жа рэзідэнцыі пантыфік развітаецца з кардыналамі, якія прыбылі ў Італію, і афіцыйна складзе з сябе паўнамоцтвы кіраўніка каталіцкай царквы. Пасля ён адправіцца ў летнюю папскую рэзідэнцыю, а ў Ватыкане будзе аб`яўлены рэжым вакантнага прастола, каравул швейцарскіх гвардзейцаў будзе зняты.

Вядомы ў свецкім жыцці Ёзаф Ратцынгер пакіне сабе імя яго святасці Бенедыкта ХVI і будзе надзелены тытулам ганаровага папы рымскага.

Бенедыкт ХVI запомніцца каталіцкім вернікам многімі справамі, паведаміў дырэктар афіцыйнага партала Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі ксёндз Юрый Марціновіч. Ён таксама зазначыў, што пантыфік браў актыўны ўдзел у працэсе беатыфікацыі — прылічвання да ліку святых — ранейшага папы рымскага Яна Паўла II.

Для беларускага каталіцкага касцёла імя Бенедыкта ХVI, паводле слоў Марціновіча, будзе звязанае з яго сустрэчай з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у 2009 годзе, візітам у краіну ў 2008 годзе дзяржсакратара святога прастола кардынала Тарчызіа Бертонэ, а таксама з прызначэннем на дыпламатычную пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыя Гуджэроці.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 27 лютага 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/583/19626
Текущая дата: 05.11.2024