Белорусский портал в Казахстане

Памёр легендарны піяніст Ван Кліберн



Вядомы амерыканскі піяніст Ван Кліберн памёр у сябе дома ў Форт-Ворце, штат Тэхас, паведамляюць інфармагенцтвы.

Кліберн пайшоў з жыцця ва ўзросце 78 гадоў, ён пакутаваў ад раку. Побач з ім былі родныя і сябры.

Ван Кліберн атрымаў сусветную славу, калі ў 1958 годзе ва ўзросце 23 гадоў перамог на конкурсе імя П.І.Чайкоўскага ў Маскве. Згодна з некаторымі крыніцамі, савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў асабіста распарадзіўся даць першую прэмію амерыканцу, нягледзячы на напружаныя адносіны паміж СССР і ЗША.

Кліберн пачаў вучыцца іграць на фартэпіяна ў тры гады. Яго першым педагогам была маці, таксама таленавітая піяністка, якая вучылася музыцы ў вучня Ферэнца Ліста. Свой першы конкурс піяніст выйграў у 12 гадоў. Да перамогі ў Маскве Кліберн стаў першым амаль ва ўсіх конкурсах, у якіх прымаў удзел. Яго таварышы па Джульярдскай школе ў Нью-Ёрку здзіўляліся яго працаздольнасці.

Спыніў гастраляваць піяніст у 1978 годзе, каб праводзіць больш часу з хворай маці. У 1987 годзе музыкант сыграў на прыёме ў Белым доме ў Вашынгтоне з нагоды гістарычнага візіту ў ЗША генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова, пасля чаго аднавіў выступленні.

У Форт-Ворце з 1962 года праходзіць міжнародны музычны конкурс імя Вана Кліберна. Спаборніцтвы прафесійных музыкантаў і аматараў арганізуюцца раз у чатыры гады.

28 лютага 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/583/19647
Текущая дата: 05.11.2024