Белорусский портал в Казахстане

Тратыл у польскім самалёце ўсё ж быў?



Ежы Артымяк, шэф вайсковай пракуратуры Польшчы, сказаў, што некаторыя прыборы выкрылі прысутнасьць тратылу на борце прэзыдэнцкага самалёту, які разьбіўся пад Смаленскам у 2010 годзе.

 «Некаторыя дэтэктары ў Смаленску фактычна паказалі на прысутнасьць тратылу. Але нельга з поўнай упэўненасьцю казаць, што мы маем дачыненьне з выбуховымі матэрыяламі» — заявіў Артымяк на пасяджэньні сэймавай камісіі, якая займаецца дасьледаваньнем абставінаў катастрофы самалёта.

Паводле польскіх СМІ, пасяджэньне згаданай камісіі ў Варшаве 5 сьнежня мела вельмі бурлівы характар, але так і не адказала адназначна на пытаньне, ці выкрыты тратыл паходзіў зь нейкага выбуховага прыстасаваньня, якое спрацавала на борце самалёта.

Нагадаем, што пра знаходжаньне тратылу і нітрагліцэрыну ў самалёце, якім прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі са сьвітай ляцеў у Смаленск на адзначэньне ўгодкаў Катынскага расстрэлу, напісала 30 кастрычніка сёлета газэта Rzeczpospolita. У гэты самы дзень кіраўнік вайсковай пракуратуры ў Варшаве Ірэнэуш Шэлянг заявіў, што няма ніякіх падставаў, каб рабіць высновы аб наяўнасьці тратылу ў абломках прэзыдэнцкага самалёту. Пасьля гэтай заявы быў звольнены галоўны рэдактар Rzeczpospolitej і два журналісты.

У катастрофе польскага ўрадавага самалёта 10 красавіка 2010 году пад Смаленскам загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі і 95 чалавек з урадавай дэлегацыі ды экіпажу самалёта.

Радыё Свабода, 6 сьнежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/595/18224
Текущая дата: 06.11.2024