Белорусский портал в Казахстане

Завершана дэмаркацыя мяжы Беларусі з прыбалтыйскімі краінамі



6 снежня ў Нясвіжы (Мінская вобласць) падпісаны выніковыя дакументы дэмаркацыі стыку дзяржаўных межаў Беларусі, Латвіі і Расіі.

Гэта азначае, што беларускі бок поўнасцю завяршыў дэмаркацыю мяжы з Латвіяй і ў цэлым прыбалтыйскага ўчастка мяжы.

Як заявіў начальнік упраўлення дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы Дзяржпагранкамітэта Беларусі Аляксандр Архіпаў, працэс устанаўлення мяжы з Латвіяй быў пачаты яшчэ ў 1992 годзе з дэлімітацыі дзяржмяжы, і "сёння з падпісаннем дэмаркацыйных дакументаў гэты працэс скончаны". "Калі казаць пра гістарычную рэтраспектыву, то дэмаркацыйныя дакументы на ўвесь участак беларуска-латвійскай мяжы ўвайшлі ў сілу ў 2009 годзе, але ў нас яшчэ заставаўся стык дзяржаўных межаў з Латвіяй і Расіяй, які не быў аформлены ў міжнародна-прававых адносінах. З-за таго што тут перасякаюцца інтарэсы трох дзяржаў, такія стыкі рэгулююцца заключэннем асобных пагадненняў. У 2010 годзе такое міжурадавае пагадненне было заключана, урадамі трох дзяржаў створана дэмаркацыйная камісія. Яна правяла ўсе неабходныя работы для абазначэння пункта стыку, для падрыхтоўкі дакументаў. І сёння гэтыя дакументы былі падпісаны", — сказаў Архіпаў.

Менавіта сёння, паводле слоў прадстаўніка Дзяржпагранкамітэта, завершана ўстанаўленне мяжы на ўсім прыбалтыйскім участку. Дакументы аб дэмаркацыі пункта стыку з Літвой і Польшчай былі падпісаны 30 мая гэтага года.

"Пункт стыку межаў Беларусі, Латвіі і Расіі — гэта апошні пункт з Беларуссю і першы завершаны з Расіяй, — зазначыла дырэктар юрыдычнага дэпартамента МЗС Латвіі Ірына Мангуле. — Падпісаныя дакументы вельмі важныя для нашай краіны. Праца з калегамі была вельмі зладжанай, мы працавалі як адна каманда. Мы ўсе задаволены вынікам працы і можам ганарыцца ёю".

Мангуле таксама заявіла, што ў Латвіі прызнаюць паспяховым супрацоўніцтва з Беларуссю ў памежных пытаннях.

Паводле інфармацыі пасла па асаблівых даручэннях МЗС Расіі Аляксея Обухава, расійскі бок знаходзіцца ў працэсе афармлення сваіх дзяржаўных межаў з прыбалтыйскімі краінамі. "Мы даволі далёка прасунуліся ў гэтых адносінах з Літвой, мы працягваем працаваць з Латвіяй. Пункты стыку ўяўляюць сабой апорныя пункты, нервовыя вузлы, спляценні", — сказаў ён.

Працягласць дзяржаўнай мяжы Беларусі складае звыш 3,6 тыс. км, з якіх больш за 172 км — з Латвіяй, з Расіяй — прыблізна 1 тыс. 283 км.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Нясвіж, 6 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/596/18214
Текущая дата: 06.11.2024