Белорусский портал в Казахстане

Папа рымскі аспрэчвае дату нараджэньня Хрыста



Кніга папы рымскага Бэнэдыкта XVI, прысьвечаная разважаньням над дзяцінствам Хрыста і выдадзеная накладам у мільён асобнікаў, зьявілася ў кнігарнях у 50 краінах. На думку кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы, Ісус нарадзіўся на некалькі гадоў раней, чым прынята лічыць.

«Памылка», лічыць пантыфік, была зроблена ў VI стагодзьдзі нашай эры заснавальнікам летазьлічэньня ад Нараджэньня Хрыстовага (або ад пачатку нашай эры) — рымскім абатам Дыянісіям Малым (Dionysius Exiguus). Дыянісі Малы, які нарадзіўся ва Ўсходняй Эўропе (сёньня ён зьяўляецца сьвятым Румынскай праваслаўнай царквы), складаў па даручэньні папы рымскага Яна I у 525 годзе велікодныя табліцы.

«Разьлік пачатку нашага календара, заснаванага на даце нараджэньня Ісуса, быў зроблены Дыянісіям Малым, які дапусьціў памылку ў сваіх разьліках на некалькі гадоў, — напісаў Папа. — Фактычная дата нараджэньня Ісуса была на некалькі гадоў раней».

Як адзначае брытанская газэта The Daily Telegraph, сьцьвярджэньне, што хрысьціянскі каляндар заснаваны на няслушнай зыходнай даце, ня новае. Многія гісторыкі лічаць, што Ісус нарадзіўся ў прамежку паміж 7-м і 2-м годам да нашай эры. Аднак гэтым разам сумневы з нагоды аднаго з краевугольных камянёў хрысьціянскай традыцыі былі выказаныя лідэрам Царквы, якая аб’ядноўвае мільярд каталікоў сьвету.

Акрамя разважаньняў над датай зьяўленьня на сьвет Збавіцеля, Папа ў сваёй новай кнізе піша і пра традыцыйныя сцэны Раства Хрыстовага. Паводле яго, пры нараджэньні Ісуса не было быкоў, аслоў і іншых жывёл, якіх часта малююць на калядных карцінах.

Акрамя таго, пантыфік адхіліў аргумэнты некаторых навукоўцаў, якія заяўляюць, што Ісус нарадзіўся ў Назарэце, а не ў Бэтлееме.

Яшчэ да выхаду апошняга тома трылёгіі Бэнэдыкта XVI «Ісус з Назарэту» Ватыканская прэс-служба паведамляла, што мэта кнігі — «наблізіць чытачоў да асобы і пасланьня Ісуса». У Ватыкане падкрэсьлівалі, што «з тэалягічнага і навуковага пункту гледжаньня праца Сьвятога Айца будзе мець вялікае значэньне».

Радыё Свабода, 21 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/600/17796
Текущая дата: 06.11.2024