Белорусский портал в Казахстане

У Мінску пройдзе пасяджэнне экспертаў Еўрапейскай і Міжземнаморскай арганізацыі па каранціне і ахове раслін



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

9—11 кастрычніка ў Мінску адбудзецца пасяджэнне групы экспертаў Еўрапейскай і Міжземнаморскай арганізацыі па каранціне і ахове раслін (ЕАКАР).

Пасяджэнне арганізавана дзяржаўнай установай "Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін" сумесна са спецыялістамі Мінсельгасхарчу і РУП "Інстытут аховы раслін" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На сустрэчы будуць абмяркоўвацца пытанні, якія тычацца выкарыстання біялагічных метадаў барацьбы са шкоднымі арганізмамі ў сельскагаспадарчай вытворчасці як аднаго з элементаў інтэграванай сістэмы аховы раслін.

На пасяджэнні будзе прааналізавана сітуацыя з выкарыстаннем біяметаду ў Еўрапейска-Міжземнаморскім рэгіёне, і перш за ўсё ў краінах, якія прадстаўлены ў групе экспертаў.

Эксперты зробяць справаздачы аб сваёй працы, абмяркуюць уплыў выкарыстання біялагічных метадаў барацьбы са шкоднымі арганізмамі на экалогію.

Акрамя таго, у парадку дня рабочай групы абмеркаванне пытанняў аб магчымых дапаўненнях, змяненнях, а таксама неабходнасці перагляду стандартаў ЕАКАР па прымяненні бяілагічных сродкаў у інтэграваных сістэмах аховы раслін.

Будзе абмеркавана магчымасць стварэння пад эгідай ЕАКАР групы экспертаў, якая будзе аказваць кансультацыйную дапамогу асобным краінам па бяспечным прымяненні бяілагічных спосабаў барацьбы са шкоднымі арганізмамі.

У пасяджэнні возьмуць удзел прадстаўнікі 14 краін: Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Расіі, Славеніі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі.

ЕАКАР — рэгіянальная арганіазцыя па каранціне і ахове раслін, якая аб`ядноўвае нацыянальныя арганізацыі па каранціне і ахове раслін краін еўрапейскага і міжземнаморскага рэгіёну. Асноўная мэта арганізацыі — міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне каранціна раслін і прымянення прэпаратаў для аховы раслін. Беларусь далучылася да ЕАКАР 27 мая 2002 года.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 6 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/611/16705
Текущая дата: 06.11.2024