Белорусский портал в Казахстане

Кыргызстан з трыбуны Генасамблеі ААН запатрабаваў ад Беларусі выдаць сваякоў Бакіева



Спікер парламента Кыргызстана Асілбек Жээнбекаў заклікаў улады Беларусі выдаць аб`яўленых у вышук сваякоў былога прэзідэнта Курманбека Бакіева. Пра гэта ён заявіў 27 верасня, выступаючы на 67-й сесіі Генасамблеі ААН.

"Мы ўсё яшчэ спадзяемся, што ўлады Беларусі, якая з`яўляецца саюзнікам Кыргызстана ў межах АДКБ і ЕўрАзЭС і ўзяла на сябе абавязацельствы ў рамках палажэнняў Мінскай і Кішынёўскай канвенцый, праявяць сваю прыхільнасць міжнародна-прававым абавязацельствам і выдадуць сваякоў і набліжаных былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, якія хаваюцца на яе тэрыторыі і нават маюць беларускія пашпарты", — прыводзіць словы Жээнбекава РІА Новости.

Паводле слоў спікера, "былое кіраўніцтва Кыргызстана, якое хаваецца ў пэўных краінах, і яго бліжэйшае атачэнне павінны панесці пакаранне ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Кыргызстана".

"Кіргізскі бок падкрэслівае, што яны пераследуюцца не па палітычна матываваных справах. Гэтыя асобы абвінавачваюцца за канкрэтныя злачынныя крымінальна каральныя дзеянні, яны аддавалі загад на прымяненне агнястрэльнай зброі ў дачыненні да мірных грамадзян, на знішчэнне непажаданых ім асоб, яны рабавалі ўласны народ і бюджэт краіны і вывелі з Кыргызстана велізарныя фінансавыя актывы", — падкрэсліў Жээнбекаў.

На думку спікера парламента Кыргызстана, ААН неабходна "ўстанавіць ясныя стандарты і працэдуры для забеспячэння правасуддзя на міжнародным узроўні, а галоўнае — вяртанне сродкаў, нажытых падманным шляхам".

У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўрада, што складаецца з лідараў апазіцыйных партый. Пры гэтым загінулі прыкладна 90 чалавек, амаль тысяча атрымалі раненні.

Звергнуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныш, які ўзначальваў Службу дзяржаховы, сын Марат, а таксама іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб`яўлены ў міжнародны вышук. Жаныш Бакіеў, апрача ўсяго, абвінавачваецца ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава ў сакавіку 2009 года.

Бішкек неаднаразова звяртаўся да Мінска з просьбай выдаць і самога Курманбека Бакіева, які прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года па асабістым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Аднак Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаваць звергнутага прэзідэнта Кыргызстана, не знайшоўшы для гэтага прававых падстаў.

У жніўні гэтага года актывіст беларускай апазіцыі Міхаіл Пашкевіч сфатаграфаваў Жаныбека Бакіева, якога выпадкова ўбачыў, калі той выходзіў з кафэ ў цэнтры Мінска. 20 жніўня фота было выкладзена ў інтэрнэт. Кіргізскі бок зноў звярнуўся да Мінска з просьбай аб затрыманні і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева. Пасля таго як рэакцыі з беларускага боку не было, 24 жніўня ўлады Кыргызстана адклікалі з Мінска свайго пасла.

28 жніўня сваякі ахвяраў перавароту 2010 года учынілі напад на пасольства Беларусі ў Бішкеку. Яны запатрабавалі экстрадыцыі Курманбека і Жаныбека Бакіевых. Удзельнікі мітынгу таксама запатрабавалі спынення працы пасольства і разрыву дыпадносінаў з уладамі Беларусі, якія "хаваюць забойцаў". Мітынгоўцы разышліся пасля таго, як пасол Беларусі ў Кыргызстане Віктар Дзенісенка паабяцаў інфармаваць іх праз МЗС Кыргызстана пра тое, як вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі Бакіевых. Аднак праз два дні на прэс-канферэнцыі ў Бішкеку Дзенісенка выказаў сумненне адносна праўдзівасці фатаграфій Жаныбека Бакіева, паколькі здымак быў зроблены прадстаўніком беларускай апазіцыі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 28 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/612/16609
Текущая дата: 06.11.2024