Белорусский портал в Казахстане

Спецдакладчыкам ААН па Беларусі прызначаны Міклаш Харашці



Міклаш Харашці прызначаны спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі ў Беларусі Савета ААН па правах чалавека.

Адпаведнае рашэнне было прынята 28 верасня ў Жэневе на 21-й сесіі СПЧ.

Супраць прызначэння выступілі некалькі краін, у прыватнасці Расія і Куба. Прадстаўнік Расіі нагадаў, што расійская дэлегацыя яшчэ на 20-й сесіі СПЧ у чэрвені гэтага года галасавала супраць прыняцця рэзалюцыі па Беларусі, якая прадугледжвала ўвядзенне мандата спецдакладчыка. "Лічым яе прадузятай і контрпрадуктыўнай, накіраванай на ізаляцыю Беларусі, а не ўцягванне яе ў дыялог, — заявіў прадстаўнік расійскай дэлегацыі. — З улікам выкладзенага мы не падтрымліваем ніводнага з кандыдатаў на пасаду спецыяльнага дакладчыка па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі".

Прадстаўнік Кубы раскрытыкаваў старшыню СПЧ Лору Дзюпюі Ласер за тое, што адной з прычын таго, чаму яна спыніла свой выбар на кандыдатуры Харашці, стала яго веданне рускай мовы. Ён таксама падкрэсліў, што Куба з самага пачатку не падтрымлівала ідэю прызначэння спецдакладчыка па Беларусі.

Ласер у адказ нагадала прадстаўніку Кубы, што выбар кандыдатуры з`яўляецца прэрагатывай старшыні савета, і яна да гэтага выбару падышла з усёй аб`ектыўнасцю.

Як паведамлялася, акрамя Харашці (Венгрыя), які займаў пасаду прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ, кансультацыйная група рэкамендавала ў якасці кандыдатаў на пасаду спецдакладчыка па Беларусі былога суддзю Страсбургскага суда Ханэ-Сові Грэве (Нарвегія) і юрыста Джарэда Генсера (ЗША). Нягледзячы на тое, што ў спісе прэтэндэнтаў кансультацыйная група на першае месца паставіла Грэве як прыярытэтнага кандыдата, Ласер спыніла свой выбар менавіта на Харашці.

Як патлумачыла эксперт у галіне міжнародных прававых механізмаў Ірына Дзешывіцына, згодна з працэдурай прызначэння спецдакладчыка кансультацыйная група прадстаўляе кіраўніку Савета па правах чалавека спіс кандыдатур на гэтую пасаду. Затым старшыня савета праводзіць шырокія кансультацыі, у тым ліку з прадстаўнікамі пастаянных прадстаўніцтваў розных краін і праваабаронцамі.

Міклаш Харашці ўзначальваў місіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе па назіранні за выбарамі ў розных краінах. Ён таксама займаў пасаду прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ, мае вопыт працы з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасцю.

Мандаты спецдакладчыкаў ААН па Беларусі і Кубе былі скасаваныя Саветам ААН па правах чалавека летам 2007 года. Гэта адбылося ў выніку палітычнага ціску дзеля захавання права прызначаць дакладчыкаў па асобных краінах і працягу працы іншых краінавых дакладчыкаў. На скасаванні мандата настойвалі беларускія ўлады, абвінавачваючы спецдакладчыка Адрыяна Севярына (Румынія) у палітычнай ангажыраванасці і скажоным інфармаванні ААН аб сітуацыі ў краіне.

У ліпені 2012 года Савет ААН па правах чалавека вырашыў зноў увесці мандат спецдакладчыка па Беларусі, матывуючы гэта шматлікімі фактамі парушэння правоў чалавека. У адказ афіцыйны Мінск заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 28 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/612/16632
Текущая дата: 06.11.2024