Белорусский портал в Казахстане

Кіраўнік парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы лічыць, што шведскі самалёт перасек мяжу з-за памылкі дзяжурных



Пра гэта ён заявіў у інтэрв`ю радыёстанцыі Ziniu radijas, паведамляе рэсурс delfi.lt.

Старшыня парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы Арвідас Анушаўскас лічыць, што шведскі самалёт перасек мяжу 4 ліпеня "з-за адной невялікай памылкі", дапушчанай дзяжурнай зменай.

"Адна невялікая памылка многае абумоўлівае. Думаю, у гэтым выпадку высветліцца, што была дапушчана памылка: радары бачаць самалёты, іх хуткасць устанаўліваецца тэхнічна. Паколькі не было апазнавання, не было радыёсувязі са шведскім самалётам, аўтаматычна памецілі: з Пацюная вылецеў — "неапазнаны", у паветраную прастору Літвы зніклы самалёт вярнуўся, трэба было памеціць яго як неапазнаны, а памецілі як апазнаны?" — сказаў Анушаўскас.

"Што я магу сказаць? Дзяжурыла эстонская змена. У Кармелаве ёсць і літоўцы, і эстонцы, і латышы. Дзяжурыла эстонская змена. Мы нічога не зробім з эстонскімі служачымі", — працягнуў ён.

Паводле яго меркавання, літоўскія ведамствы няправільна адрэагавалі на інцыдэнт, яны абавязаны прызнаць сваю памылку.

Анушаўскас таксама адзначыў, што Служба аховы дзяржмяжы звычайна не расследуе парушэнні паветранай мяжы, але ў гэтым выпадку Генпракуратура распарадзілася, каб служба такое расследаванне правяла. Паводле яго слоў, на самой справе ахова паветранай прасторы знаходзіцца ў падпарадкаванні літоўскіх BПC.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыблізна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш як 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку беларускія ваенныя і пагранічнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэння мяжы.

Гісторыя з "плюшавым дэсантам" атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасад старшыню Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

8 жніўня беларускі бок звярнуўся да Літвы і Швецыі з просьбай аказаць прававую дапамогу ў расследаванні справы аб парушэнні беларускай мяжы шведскім самалётам.

9 жніўня Лукашэнка падчас наведвання будаўнічай пляцоўкі АЭС у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці заклікаў Літву не сядзець "як мышы пад венікам". "Яны нам павінны адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым плане мала не будзе", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

16 жніўня літоўскі бок паведаміў, што Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачала расследаванне.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/622/15867
Текущая дата: 15.11.2024