Белорусский портал в Казахстане

Літоўскія ваенныя не зафіксавалі парушэння літоўска-беларускай мяжы шведскім самалётам 4 ліпеня



Пра гэта паведаміла ў інтэрв`ю міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне.

Літоўскія ваенныя не зафіксавалі парушэння літоўска-беларускай мяжы шведскім самалётам 4 ліпеня.

Нагадаем, раніцай 4 ліпеня лёгкі самалёт, які пілатавалі прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total, скінуў на Мінск некалькі сотняў плюшавых мішкаў з лозунгамі ў падтрымку свабоды слова.

Прадстаўнік Studio Total Томас Мазеці 5 ліпеня размясціў на сайце тэлеканала SVT свой зварот, у якім паведаміў, што быў адным з тых, хто прыдумаў, арганізаваў і ажыццявіў палёт у Беларусь. Як піша Мазеці, у самалёце быў ён сам і яго калега па Studio Total Хана Ліна Фрэй. Падтрымку акцыі ў Літве і Беларусі ажыццяўлялі Лінда Карлсан і Пер Кромвел. Яны рабілі фатаграфіі з зямлі і павінны былі паспрабаваць забраць пілотаў, калі б рабіліся спробы іх збіць. Паводле слоў Мазеці, яны правялі ў паветры 1 гадзіну 20 хвілін і паспелі за гэты час "дэсантаваць" прыкладна 800 плюшавых мядзведзяў над вёскамі і гарадамі Беларусі, у тым ліку над Мінскам.

Міністэрства абароны і Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі абвясцілі, што парушэння мяжы ў паветранай прасторы не было. Зараз камісія прэзідэнта праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны краіны.

5 ліпеня рэсурс delfi.lt са спасылкай на інфармагенцтва BNS паведаміў, што літоўская армія пацвердзіла парушэнне 4 ліпеня правілаў выкарыстання паветранай прасторы краіны. У той дзень было атрымана паведамленне аб перасячэнні мяжы Беларусі цывільным самалётам, які пілатавалі лётчыкі, што пратэстуюць супраць аўтарытарнага рэжыму ў Мінску. Аднак ваенныя не звязвалі парушэнне з паведамленнямі пра магчымую акцыю пратэсту шведаў.

"4 ліпеня літоўская армія зафіксавала парушэнне правіл выкарыстання паветранай прасторы Літвы. У гэтай сувязі праводзіцца расследаванне, высвятляюцца акалічнасці падзей. Сказаць, ці звязана парушэнне правіл са згаданым у СМІ інцыдэнтам, мы не можам", — сказаў прэс-аташэ арміі капітан Скомантас Павілёніс.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
17 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/633/15175
Текущая дата: 28.11.2024