Белорусский портал в Казахстане

Беларускія ваеннаслужачыя ўзялі ўдзел у шматнацыянальных вучэннях у Македоніі



Вучэнні праводзіліся з 19 па 29 мая ў Македоніі ў межах праграмы НАТО "Партнёрства дзеля міру".

У адпаведнасці з індывідуальнай праграмай партнёрства і супрацоўніцтва Беларусі і НАТО на 2012—2013 гады беларускія ваеннаслужачыя ўзялі ўдзел у шматнацыянальных вучэннях "Кааператыў Лангбоу/Лансер - 2012".

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, у вучэннях бралі ўдзел аддзяленне міратворчай роты 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Беларускае падраздзяленне дзейнічала ў складзе зводнага ўзводу шматнацыянальнага батальёна.

Арганізатарамі вучэнняў выступалі камандаванне аб`яднаных узброеных сіл НАТО "Мадрыд" і Міністэрства абароны Македоніі. У іх бралі ўдзел больш як 550 прадстаўнікоў узброеных сіл 14 краін НАТО і краін-партнёраў.

Камандна-штабныя вучэнні "Кааператыў Лангбоу — 2012" былі скіраваныя на падрыхтоўку ваеннаслужачых краін-партнёраў да працы ў складзе шматнацыянальных штабоў падчас правядзення аперацый па падтрыманні міру. Мэтай тактычных вучэнняў "Кааператыў Лансер — 2012" з`яўлялася падрыхтоўка падраздзяленняў сухапутных войскаў узброеных сіл краін-партнёраў да выканання задач міратворчай аперацыі ў складзе шматнацыянальных сіл.

Падчас камандна-штабных вучэнняў два беларускія афіцэры адпрацоўвалі вучэбныя задачы ў складзе штаба шматнацыянальнай брыгады.

"Удзел беларускіх ваеннаслужачых у гэтых вучэннях дазволіў на практыцы вывучыць арганізацыю і парадак працы шматнацыянальнага штаба падчас правядзення аперацый, адпрацаваць пытанні падрыхтоўкі асабовага складу да ўдзелу ў міратворчых аперацыях і набыць практычныя навыкі выканання задач, якія вырашаюцца міратворчымі падраздзяленнямі падчас такіх аперацый", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 6 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/640/14487
Текущая дата: 28.11.2024