Белорусский портал в Казахстане

24 красавіка — Дзень памяці ахвяраў генацыду армян



Тысячы жыхароў Армэніі, Карабаху, армян дыяспары і замежных гасьцей наведалі мэмарыяльны комплекс ў Ерэване, каб аддаць даніну павагі памяці 1500000 армян, якія сталі ахвярамі генацыду ў Асманскай Турцыі.

У першай палове дня мэмарыяльны комплекс наведаў прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян, іншыя афіцыйныя асобы, прадстаўнікі вядучых палітычных сілаў краіны.

У звароце прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна ў сувязі з гэтай трагічнай гадавінай, у прыватнасьці, гаворыцца: «Сёньня мы, як вельмі многія ва ўсім сьвеце, схіляем галовы перад памяцьцю бязьвінных ахвяраў генацыду армян. І на сьценах мэмарыяльнага комплексу мы нічога не напісалі, таму што ніводнае слова ня можа выказаць тое, што адбылося, тое, што мы адчуваем ».

​Напярэдадні ўвечары ў Ерэване тысячы людзей з транспарантамі і дзяржаўнымі сьцягамі сабраліся ў цэнтры гораду, каб выказаць свой пратэст палітыцы адмаўленьня генацыду, якую праводзіць Турцыяй. Пасьля праведзенага мітынгу і спаленьня турэцкага сьцягу людзі рушылі да мэмарыяльнага комплексу.

​Больш за два дзесяткі краінаў сьвету, у тым ліку Ўругвай, Францыя, Расея, Швайцарыя, Канада, Аргентына, а таксама шэраг уплывовых міжнародных арганізацый афіцыйна прызналі масавыя забойствы армян у Асманскай Турцыі ў пачатку мінулага стагодзьдзя генацыдам. Аднак цяперашні турэцкі ўрад, як і яго папярэднікі, адмаўляе факт генацыду.

Радыё Свабода
24 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/647/13765
Текущая дата: 15.11.2024