Белорусский портал в Казахстане

Ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі ўключаны ў склад экіпажа экспедыцыі на Міжнародную касмічную станцыю восенню гэтага года



Ён будзе трэцім беларусам-касманаўтам пасля Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв`ю інтэрнэт-газеце кампаніі БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости").

У пачатку сакавіка касманаўты "Раскосмасу" Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін паспяхова прайшлі заліковую трэніроўку на трэнажоры расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі (РС МКС) у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. Навіцкі і Тарэлкін, якія ўваходзяць разам з астранаўтам НАСА Кевінам Фордам у экіпаж МКС-33/34, у маі 2012 года будуць дубляваць асноўны экіпаж МКС-31/32 (Генадзь Падалка, Сяргей Рэвін і Джозэф Акаба).

Старт экіпажа 33/34-й асноўнай экспедыцыі на МКС запланаваны на 15 кастрычніка. Касманаўты правядуць на МКС 170 сутак.

"У нашага экіпажа запланавана прыкладна 50 розных навуковых эксперыментаў, розныя рамонтна-аднаўленчыя работы на расійскім сегменце МКС, дадатковае аснашчэнне станцыі як унутры, так і звонку. Будзем праводзіць канферэнцыі, здымаць навукова-пазнавальныя рэпартажы, скіраваныя на папулярызацыю нашага космасу", — сказаў Навіцкі.

Алег Навіцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 года ў Чэрвені (Мінская вобласць, Беларусь). У 1994 годзе скончыў Качынскае авіяцыйнае вучылішча, у 2006-м — Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына. З лістапада 1995 года па верасень 2004-га служыў на пасадах лётчыка, старшага лётчыка, камандзіра звяна, намесніка камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі штурмавога авіяцыйнага палка (ШАП) 4-й паветранай арміі (ПА) і 4-й арміі ВПС і СПА (Паўночна-Каўказская ваенная акруга, штаб у Растове-на-Доне).

БелаПАН
Мінск, 25 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/647/13799
Текущая дата: 15.11.2024