Белорусский портал в Казахстане

Праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Вялікдзень



Праваслаўныя вернікі ўсяго свету святкуюць сёння Уваскрэсенне Хрыстовае. Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі.

У велікодным пасланні мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, заклікаў паству "ісці за Хрыстом Уваскрослым, каб радасць наша была поўнай".

"Быць хрысціянінам азначае несці велікодную сілу любові нашым блізкім. Там, дзе нам бачыцца безнадзейнасць гора, злосць і пекла, — там Гасподзь сцвярджае Свой Крыж, каб, разарваўшы путы граху, засіяць святлом радасці, сэнсу і любові. Мы, хрысціяне, — спадчынныкі Вялікадня Хрыстовага! І Вялікдзень — гэта не падзея аднаго дня. Яна не завяршаецца нават Узнясеннем і Пяцідзясятніцай. Яна заўсёды там, дзе мы сілай Божай перамагаем грэх!" — зазначаецца ў пасланні.

"Любоў жа да Госпада няхай будзе для ўсіх нас сілай, якая ўмацоўваецца ў любові да бліжняга і да нашай Айчыны. Не трэба думаць, што Гасподзь бліжэйшы да чалавека ў нейкіх асаблівых месцах, там, дзе нас няма. Будзем тут, на зямлі продкаў, маліцца аб дараванні нам Боскай ласкі!" — заклікаў мітрапаліт Філарэт.

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы бярэ ўдзел у святочных набажэнствах, якія пачаліся напярэдадні ў сталічным кафедральным саборы Святога Духу і прадоўжацца сёння.

Чакаецца, што храм традыцыйна наведае Аляксандр Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

Паводле апошніх звестак, у Беларусі дзейнічаюць 11 праваслаўных епархій, у якіх служаць 14 архірэяў, у тым ліку тры вікарныя, а таксама 1.551 прыход, 34 манастыры, адна акадэмія, дзве семінарыі, тры духоўныя вучылішчы, 654 нядзельныя школы. На ніве Беларускай праваслаўнай царквы працуюць 1.485 святароў і 166 дыяканаў.

БелаПАН
Мінск, 15 красавіка 2012 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/654/13539
Текущая дата: 27.11.2024