Белорусский портал в Казахстане

Беларусь зноў удзельнічае ў праектах «Усходняга партнэрства»



15 рэгіянальных культурніцкіх праектаў пачынаюць ажыцьцяўляцца ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Пра гэта паведамляе прэсавая служба прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. На падтрымку праграмаў ЭЗ вылучае 8,2 мільёна эўра.

Беларусь возьме ўдзел у двух праектах. Першы аб`яднае фатографаў і выдаўцоў фатаграфіі ў Армэніі, Беларусі, Украіне, Малдове, Грузіі. Яны атрымаюць магчымасьць арганізаваць дыстанцыйныя школы фотамайстэрства і фотавыставы, распрацаваць свае сайты, сустрэцца і абмяняцца досьведам падчас сэмінараў, правесьці конкурсы фатаграфіі і пленэры з удзелам пераможцаў. Таксама ў рамках праекту выйдзе спэцыяльнае выданьне фотачасопіса і пройдуць нацыянальныя фотавыставы.

Другі праект аб`яднае намаганьні беларускіх і ўкраінскіх партнэраў у вывучэньні стану культурнай спадчыны Палесься. Яго ўдзельнікі будуць супольна ствараць гістарычныя і этнаграфічныя экспазыцыі, праводзіць археалягічныя экспэдыцыі, спалучаць у адзіную сетку грамадзкія арганізацыі, якія цікавяцца праблематыкай рэгіёна, распрацуюць турыстычныя маршруты, а таксама правядуць сэмінары-трэнінгі, зробяць сэрыю публікацый і здымуць дакумэнтальны фільм.

Уладзімер Глод
Радыё Свабода, 21 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/665/12392
Текущая дата: 15.11.2024