Белорусский портал в Казахстане

Эўракамісіі прапанавалі падумаць пра санкцыі адносна Беларусі



Камісія Эўрапарлямэнту па міжнародных справах абмеркавала падыходы Эўразьвязу да Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Сярод іншага дэпутаты зьвярнуліся да Эўрапейскай камісіі з прапановай ацаніць выніковасьць цяперашніх эўрапейскіх санкцыяў адносна беларускіх уладаў і — узмацніць іх або скасаваць.

У якасьці дакладчыкаў на паседжаньні міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту выступілі Майра Мора, кіраўніца дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі, Гунар Віганд, кіраўнік аддзелу Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня, і Яцэк Пратасевіч, старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю.

Дэпутаты ацанілі зьмены, якія адбываюцца ў Беларусі апошнім часам, і спрабавалі выпрацаваць падыходы, якія мог бы скарыстаць Эўразьвяз у гэтай сытуацыі. Удзельнік дыскусіі, эўрадэпутат ад Літвы Юстас Палецкіс кажа, што становішча ў Беларусі было ахарактарызаванае як «гранічна трывожнае і неспрыяльнае», было канстатавана, што Расея мае ўсё большы ўплыў на Беларусь і што меней стала беларусаў, якія выступаюць за інтэграцыю з Эўразьвязам:
Была прапанова арганізаваць у Эўропе форум беларускай апазыцыі.

«У гэтай сытуацыі Эўракамісіі было прапанавана падумаць, ці сапраўды дзейныя санкцыі дапамагаюць палепшыць сытуацыю ў Беларусі, ці трэба зрабіць іх больш жорсткімі або зусім зьняць, як некаторыя прапаноўвалі. Была таксама прапанова арганізаваць у Эўропе форум беларускай апазыцыі».

Дэпутаты выступалі таксама за пашырэньне людзкіх кантактаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, нягледзячы на тое, што Менск больш чым паўгода не адказвае на прапанову з боку Брусэлю — зьменшыць кошт віз.

​​Што да санкцыяў, то, паводле спадара Палецкіса, большасьць дэпутатаў выказвалася за іх узмацненьне:

«Большасьць была за тое, каб узмацняць жорсткасьць, але ні ў якім разе не закрануць інтарэсы звычайных беларускіх грамадзян, беларускага насельніцтва».

Паводле Майры Моры, у адносінах Эўразьвязу зь Беларусьсю супрацоўніцтва цяпер абмежаванае тымі кірункамі, спыненьне якіх пашкодзіла б народу Беларусі. Раней спадарыня Мора паведамляла і пра бюджэт такога супрацоўніцтва: праекты, якія выконваюцца зараз, ацэньваюцца ў 50 мільёнаў эўра, праекты яшчэ на 85 мільёнаў знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі і разгляду. Сярод іх і тыя, што тычацца дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Адносіны беларускіх уладаў з Эўразьвязам вельмі складаныя і напружаныя, Аляксандар Лукашэнка ў канцы мінулага года назваў іх «дрэннымі». Паводле Аляксандра Мілінкевіча, пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу зразумелая і адпавядае маральным каштоўнасьцям:

«Каб гэта паправіць, ёсьць толькі адзін шлях — гэта вызваленьне палітвязьняў. Не атрымаецца так, што частку адпусьцілі і хочуць чакаць крокаў у адказ ад Эўропы. Не. Ясная і даўно сфармуляваная перадумова — вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Тое, што зараз з ЭЗ такія кепскія адносіны, — гэта вельмі кепска для будучыні Беларусі».

Тое ж, што сёньня, у дзень дыскусіі па беларускім пытаньні, суд у Шклове ўзмацніў рэжым утрыманьня за кратамі аднаго з палітвязьняў, Міколы Статкевіча, — гэта, на думку Аляксандра Мілінкевіча, знак і для Эўразьвязу:

«Гэта знак такі, што беларускае кіраўніцтва на чале з Лукашэнкам не зьбіраецца аднаўляць адносіны з Эўропай. Яны задавальняюцца тым, што сёньня ідзе з Расеі, гэтыя крэдыты, нафта і газ, і будуць перажываць зіму. Але што будзе вясною і ў наступным годзе, ужо няясна. Але беларуская ўлада жыве сёньняшнім днём. А Эўропа страціла інструмэнты ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. Таму што застаюцца толькі тыя дэклярацыі, якія прымаюцца Эўрапарлямэнтам. Яны важныя з маральнага пункту гледжаньня, але неэфэктыўныя».

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што і сёньняшняе паседжаньне камісіі Эўрапарлямэнту, і разгляд беларускага пытаньня, які заплянаваны на 25 студзеня ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, сьведчаць, што эўрапейцы не забыліся пра Беларусь і шукаюць да яе падыходаў, хоць у цяперашніх умовах гэта вельмі складана:

«Я б не сказаў, што яны страцілі ініцыятыву адносна Беларусі, бо апошнім годам яе і не было, яна праяўлялася толькі ў выглядзе санкцыяў. Але мы бачым, што калі Расея ідзе на такія вялікія эканамічныя саступкі, дык тыя санкцыі ніякай істотнай ролі не адыгрываюць. А большых вагароў у Эўразьвязу і няма. Яны ня ведаюць, што рабіць. Тут унутры няма такой рэвалюцыйнай сытуацыі, таму Эўразьвяз ня можа ж нас гвалтам у дэмакратыю весьці».

Валер Каліноўскі
Радыё Свабода, 12 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/672/11753
Текущая дата: 14.11.2024