Белорусский портал в Казахстане

За выхадныя еўрапейцы налічылі больш за 4 млн птушак



Падведзены вынікі Еўрапейскіх восеньскіх дзён назіранняў за птушкамі. Як адзначыў спецыяліст па экалагічнай адукацыі грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) Руслан Шайкін, у мінулую суботу і нядзелю беларусы ўбачылі і зарэгістравалі амаль 26 тысяч птушак у розных кутках нашай краіны.

Па колькасці ўдзельнікаў арганізаваных назіранняў Беларусь трапіла на трэцяе месца сярод 37 еўрапейскіх краін.

Усяго ў першыя выхадныя кастрычніка за птушкамі на акцыі назіралі 43 тысячы 205 жыхароў Еўропы. Самая масавая акцыя восеньскіх назіранняў адбылася ў Расіі, дзе крылатых вызначалі і лічылі 17993 чалавекі. На другім месцы стаў афіцыйны каардынатар восеньскіх назіранняў за птушкамі — Швейцарыя (5382 удзельнікі), а на трэцім месцы — Беларусь, дзе за птушкамі назірала 5067 чалавек.

Спецыялісты падлічылі, што за гэтыя дні ў краінах Еўропы аматары прыроды ўбачылі больш за 4 млн птушак. Самай масавай птушкай назіранняў у большасці краін Еўропы стаў звычайны шпак. У Беларусі больш за астатнія віды людзі заўважалі грака — 4880 птушак, на другім месцы адзначыўся шэры журавель — 4802 асобіны, на трэцім знаходзіцца галка — 3673 крылатыя. Усяго ў краіне людзі за два дні назіралі 25986 птушак, сярод якіх было 95 відаў. Сярод заўважаных падчас акцыі былі і даволі рэдкія віды птушак: чорнаваллёвая гагара, сакол-каршачок, вялікі ўліт, чорны каршун, арлан-белахвост і іншыя.

Вялікую цікавасць для еўрапейскіх арнітолагаў уяўляе шэры журавель. Гэтая цікавая птушка масава мігрыруе праз тэрыторыю Беларусі, і ёй для прыпынкаў патрэбны балотныя экасістэмы. Еўрапейскія каардынатары Bіrd Wach-2011 адзначылі сапраўды прафесійны ўлік жураўлёў у Беларусі, які быў арганізаваны спецыялістамі АПБ у рэспубліканскім заказніку "Ельня", што з`яўляецца, бадай, самым буйным верхавым балотам увогуле ў Еўропе.

Сяргей Куркач
Звязда, 6 кастрычніка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/685/9645
Текущая дата: 11.11.2024