Белорусский портал в Казахстане

Сёння для хрысціянства паўстае шэкспіраўскае пытанне — быць ці не быць



Праваслаўным і католікам трэба разам захоўваць хрысціянскія каштоўнасці, каб захаваць само хрысціянства. Такі пункт гледжання мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў 13 лістапада на праваслаўна-каталіцкай канферэнцыі ў Мінску.

"Сёння, калі Еўропа і свет стаяць перад шматлікімі заклікамі сучаснасці да секулярызму і маральнага рэлятывізму, час раскідваць камяні ўжо прайшоў. Мы — хрысціяне, нас аб`ядноўвае больш, чым раздзяляе", — зазначыў Кандрусевіч.

Паводле яго слоў, асаблівае значэнне праваслаўна-каталіцкай канферэнцыі надае прысутнасць старшыні папскага савета па садзеянні хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха. Гэты форум, на думку арцыбіскупа, азначае развіццё дыялогу паміж хрысціянскімі канфесіямі ў Беларусі. "Гэта ўжо не першы такі форум, — сказаў ён. — Чатыры гады таму мы праводзілі хрысціянска-ісламскі, а два гады таму — хрысціянска-яўрэйскі форумы. Сёння праводзім паміж сабой".

Кандрусевіч падкрэсліў важнасць правядзення такой вось сустрэчы менавіта ў Беларусі, бо "не так лёгка знайсці месца, дзе такі форум можна было б арганізаваць".

Як заявіў журналістам Рыгор Даўгяла, начальнік цэнтра міжнародных сувязяў і развіцця тэалагічнай адукацыі Інстытута тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла, адметнасцю мерапрыемства з`яўляецца дыялог праваслаўных і католікаў не толькі з Беларусі, але і іншых рэгіёнаў Еўропы.

БелаПАН
14 лістапада 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/690/10539
Текущая дата: 26.11.2024