Белорусский портал в Казахстане

Беларускі эксперт абраны ў Бюро Цэнтра па спрашчэнні працэдур гандлю і электронных дзелавых аперацый ААН



Прадстаўнік Беларусі, дырэктар нацыянальнага Цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый Віктар Дравіца абраны на пасаду віцэ-старшыні Бюро Цэнтра па спрашчэнні працэдур гандлю і электронных дзелавых аперацыях ААН (СЕФАКТ ААН).

Яго абранне адбылося 8 ліпеня ў Жэневе, дзе праходзіла 17-я сесія гэтага органа ААН, паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Удзел у працы Бюро СЕФАКТ ААН айчыннага эксперта дазволіць Беларусі браць больш актыўны ўдзел "у канцэптуальнай распрацоўцы і праектаванні  сучасных сістэм і стандартаў ажыццяўлення дзелавых аперацый з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій", зазначае прэс-служба.

"Адной з практычных задач, якія стаяць перад беларускім віцэ-старшынствам у СЕФАКТ ААН, з`яўляецца факусаванне працы Цэнтра для патрэб краін з пераходнай эканомікай, асабліва Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

СЕФАКТ ААН з`яўляецца дапаможным міжурадавым органам Камітэта па гандлі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, аднак зараз яго дзейнасць выходзіць далёка за межы рэгіёну. У працы СЕФАКТ ААН бяруць удзел не толькі прадстаўнікі дзяржаў — членаў ЕЭК ААН, але і эксперты з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Дзейнасць СЕФАКТ ААН скіраваная на садзейнічанне дзяржавам і прадстаўнікам іх дзелавых колаў у арганізацыі эфектыўных і простых механізмаў па абмене таварамі і паслугамі. Яго галоўная задача заключаецца ў стварэнні максімальна спрыяльнага асяроддзя для ажыццяўлення нацыянальных і міжнародных дзелавых аперацый з дапамогай спрашчэння і ўзгаднення працэсаў, працэдур і патокаў лічбавай інфармацыі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/691/7872
Текущая дата: 21.09.2024