Белорусский портал в Казахстане

6 ліпеня — Сусветны дзень пацалункаў!



Цікава, што гэтае свята прыдумалі чапурыстыя і кансерватыўныя англічане. Іх ініцыятыву праз некаторы час падтрымалі ў Арганізацыі Аб`яднаных Нацый, замацаваўшы за Сусветным днём пацалункаў дату 6 ліпеня.

Спадзяюся, большасць нашых чытачоў цалуецца часцей, чым раз у год, і ў заахвочванні высокіх чыноўнікаў патрэбы не мае, але ніхто ж не перашкаджае нам адзначыць такое прыемнае і рамантычнае свята належным чынам. Арганізаваць тэматычныя конкурсы, зрабіць сваім блізкім падарункі і, вядома ж, расцалаваць усіх, хто таго варты!

...Як ні намагаліся даследчыкі вынайсці гісторыю ўзнікнення пацалунка (нехта ж павінен быў быць першым!), нічога ў іх не атрымалася. Традыцыя цалавацца ўзнікла ў такой глыбокай старажытнасці, што адшукаць яе вытокі аказалася немагчыма. Цалкам верагодна, што з дапамогай пацалунку наш першабытны продак, апрануты ў звярыную скуру, паспрабаваў аднойчы выказаць свае пачуцці супляменніцы, мяркуючы, што дотыкам вуснаў ён зможа перадаць аб`екту сімпатыі часцінку сваёй душы. Як бы там ні было, пацалункі — гэта тое, што вылучае чалавека з жывёльнага свету.

...Пацалункі, як вядома, бываюць самымі рознымі. Бываюць, напрыклад, моцныя мужчынскія пацалункі, кшталту тых, якія дэманстраваў усяму свету былы савецкі генсек. Тут, зразумела, ніякага кахання на ўвазе не мелася. Гэта была вольная трактоўка нацыянальнай традыцыі, і пацалункам назваць такі акт неяк няёмка.

Калі падыходзіць строга, то нельга назваць пацалункам і лёгкі дотык вуснаў каля шчакі партнёра, што можна пабачыць на свецкіх раўтах і модных тусоўках. Прычым многія з тых, хто такім чынам вітаецца, могуць проста ненавідзець адзін аднаго. Сапраўдныя пацалункі — французскія і японскія, інтымныя і страсныя. Колькі слоў можа замяніць сабой адзін шчыры дотык вашых вуснаў да вуснаў дарагога вам чалавека! Гэта і прызнанне ў каханні, і абяцанне вернасці. Чаму ж людзі цалуюцца? Не столькі таму, што гэта проста звычай, а таму, што гэта сапраўды вельмі прыемна (а па сцвярджэнні медыкаў, яшчэ і карысна для здароўя:)).

На самой справе, пацалунак — бадай што не самае лепшае і прыемнае, што вынайшла чалавецтва:). Хто ведае, магчыма, менавіта ў гэты дзень вы атрымаеце ад каханага самы незабыўны, гарачы пацалунак. А яшчэ лепш не чакаць, а самому падарыць такі цуд партнёру. І сёння для гэтага ёсць цудоўная нагода.

Іна Арэхава
Звязда, 6 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/702/7726
Текущая дата: 26.11.2024