Белорусский портал в Казахстане

Ад Беларусі ў канферэнцыі па Чарнобылі ў Кіеве будзе ўдзельнічаць прэм`ер-міністр



Беларусь і Расія на міжнароднай канферэнцыі "Дваццаць пяць гадоў чарнобыльскай катастрофы. Бяспека будучыні", якая адбудзецца 20—22 красавіка ў Кіеве, будуць прадстаўлены прэм`ер-міністрамі. Пра гэта паведаміў журналістам 17 сакавіка кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны Сяргей Лёвачкін.

Паводле яго слоў, канферэнцыю адкрые старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, які прыбудзе ва Украіну з афіцыйным візітам 18 красавіка.

Прэс-сакратар прэм`ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка пакуль не пацвярджае ўдзел Міхаіла Мясніковіча ў працы канферэнцыі. "Пакуль не магу нічога сказаць. Такіх доўгатэрміновых графікаў у мяне няма", — сказаў ён.

Раней кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі пацвердзіў БелаПАН, што запрашэнне ўзяць удзел у міжнароднай канферэнцыі ў Кіеве было атрымана на імя Аляксандра Лукашэнкі. "Безумоўна, Беларусь будзе браць удзел, але на якім узроўні яна будзе прадстаўлена, будзе зразумела крыху пазней", — сказаў ён.

Пры гэтым Лёгкі падкрэсліў, што беларускаму боку "зусім не цікавыя ўмовы", на якіх згодны ўзяць удзел у канферэнцыі кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.

Нагадаем, раней украінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН са спасылкай на крыніцу ў Еўракамісіі ў Бруселі паведаміла, што адзінай умовай удзелу ў канферэнцыі, якую выстаўляе Барозу, з`яўляецца адсутнасць на мерапрыемстве прэзідэнта Беларусі. "Гэта галоўная ўмова", — сказаў прадстаўнік Еўракамісіі, зазначыўшы, што афіцыйны Кіеў пакуль не паведамляў, ці плануецца ўдзел Лукашэнкі ў канферэнцыі.

На афіцыйным сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Украіны, якое з`яўляецца адным з арганізатараў мерапрыемства, размешчаны праект праграмы правядзення канферэнцыі. Згодна з ім, з прывітальным словам на форуме павінны выступіць прэзідэнты Украіны, Беларусі і Расіі Віктар Януковіч, Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў, а таксама генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, генеральны сакратар Савета Еўропы Турб`ерн Ягланд, кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, генеральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана.

Атрымаць афіцыйны каментарый у Еўракамісіі БелаПАН пакуль не ўдалося.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 17 сакавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/707/5174
Текущая дата: 20.09.2024