Белорусский портал в Казахстане

Фізык пра АЭС у Фукусіме: Каб толькі вытрымала абалонка рэактараў



Брытанскі ядзерны фізык Фрэнк Барнабі сказаў, што на японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма ўвесь час існуе пагроза разрыву ахоўнай абалонкі рэактараў, ахаладжальныя сыстэмы якіх былі выведзеныя зь дзеяньня ўдарам цунамі на мінулым тыдні.

На пытаньне, чаго чакаць людзям у ваколіцы пашкоджанай АЭС у прэфэктуры Фукусіма на японскім востраве Хансю, Барнабі адказаў наступным чынам:

"Гэта цалкам залежыць ад таго, ці вытрымае ахоўная абалонка рэактара, і ці ня будзе больш выкіду радыяцыі. Тая радыяцыя, якая зьявілася да гэтай пары – у асноўным цэзій-137 і ёд – была наўмысна выпушчаная, каб паменшыць ціск у рэактары, значыць, гэта быў мэтанакіраваны і кантраляваны выкід. Цяпер мы баімся, што можа дайсьці да выбуху, які разарве абалонку рэактара і выпусьціць вялікую колькасьці высокарадыёактыўных ізатопаў.

Гэта была б катастрофа, падобная да Чарнобыльскай. Калі прыгадаць, што авечкі ў Валіі, за некалькі тысячаў кілямэтраў ад Чарнобылю, усё яшчэ правяраюцца на наяўнасьць радыяцыі праз 25 гадоў пасьля катастрофы, дык можаце сабе ўявіць маштаб цяперашняй праблемы.

Так што нам застаецца спадзявацца на лепшае для японцаў, якія жывуць па суседзтву з АЭС, што там ня здарыцца масавы выкід радыёнуклідаў, што ахоўныя абалонкі пашкоджаных рэактараў вытрымаюць і ня выпусьцяць радыяцыю ў навакольле".

На двух з трох пашкоджаных рэактараў атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 дайшло да выбухаў, якія часткова пашкодзілі жалезабэтонныя канструкцыі вакол рэактараў. Паводле адмыслоўцаў, былі гэта так званыя "вадародныя выбухі", у выніку якіх наступіла ўцечка радыяцыі ў навакольле. Японскія ўлады абвясьцілі эвакуацыю з 20-кілямэтровай зоны вакол АЭС.

14 сакавіка 2011
Радыё Свабода


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/717/5079
Текущая дата: 14.11.2024