Белорусский портал в Казахстане

Першы борт на Венесуэлу вылеціць у нядзелю



"Звязда" ўжо паведамляла аб пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім было абмеркавана даручэнне кіраўніка дзяржавы па аказанні гуманітарнай дапамогі Венесуэле, якая моцна пацярпела ад разгулу стыхіі.

Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі адзначыў, што мэтай пасяджэння Прэзідыума з`яўляецца выпрацоўка канкрэтнага плана па аказанні максімальна магчымай дапамогі Венесуэле па хутчэйшым пераадоленні наступстваў, выкліканых шматдзённымі праліўнымі дажджамі паводак. Ён нагадаў, што ў выніку ўдару стыхіі загінулі дзясяткі людзей, прыкладна 70 тысяч чалавек страцілі дах над галавой, насельніцтва краіны мае вострую патрэбу ў экстраннай дапамозе. Прэм`ер-міністр звярнуў увагу на неабходнасць наладзіць сістэмную работу па пастаўках будаўнічай і будаўніча-дарожнай тэхнікі ў Венесуэлу.

З дакладам на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна выступіў намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі. Ён адзначыў, што беларускія спецыялісты, якія працуюць у Венесуэле на розных будоўлях, па меры сваіх магчымасцяў ужо дапамагаюць аднаўляць разбураныя ці знішчаныя дамы, дарогі, аб`екты інфраструктуры, камунікацый і г. д. Супрацоўнікі пасольства Беларусі ў Венесуэле сабралі і перадалі пацярпелым дзіцячае адзенне, абутак, прадукты харчавання.

Завяршаецца ўкамплектаванне самым неабходным — палаткамі, коўдрамі, кансервамі, дзіцячым харчаваннем — экстраннага гуманітарнага грузу, які даставіць у Венесуэлу самалёт беларускай авіяцыі. Таксама вылеціць туды і група прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны, якія на месцы вызначаць характар далейшай гуманітарнай дапамогі тэхнікай такіх вядучых айчынных вытворцаў, як МАЗ, МТЗ і іншых. Спецыфіка ў тым, што Венесуэле патрэбна тэхніка і механізмы, адаптаваныя да работы да няпростых умоў тропікаў, дзе вялікая вільгаць і высокая тэмпература паветра. Магчыма, пасля вяртання прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў будзе створана рабочая група на чале з адным з віцэ-прэм`ераў урада па каардынацыі аказання гуманітарнай дапамогі Венесуэле на яе другім этапе.

Намеснік прэм`ер-міністра Віктар Бура паведаміў журналістам, што першы борт на Венесуэлу вылеціць не пазней чым у нядзелю. Кошт гуманітарнага грузу складзе недзе звыш 200 тысяч долараў. А сам тэрмін аказання гуманітарнай дапамогі Венесуэле зойме каля 18 месяцаў, але гэта папярэднія лічбы. Што датычыцца жылля, то пасля вяртання дадому з Венесуэлы групы прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, будзе канчаткова вызначана, якія і з чаго камплектуючыя для ўзвядзення жылля пацярпелым венесуэльцам пачнуць выпускаць нашы будаўнічыя прадпрыемствы.

Леанід Лахманенка
Звязда 11 снежня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/734/3219
Текущая дата: 19.09.2024