Белорусский портал в Казахстане

1 лістапада — урачыстасць Усіх Святых: сведчанне аб перамозе Бога над смерцю



1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і падчас урачыстай Імшы аддаюць пашану ўсім святым — гэта значыць тым, хто ўжо дасягнуў вечнай хвалы і прабывае з Богам у небе. Ушаноўваючы ўсіх, хто ўжо ўвайшоў у славу нябесную, Касцёл у той жа час скіроўвае на шлях святасці людзей, якія яшчэ знаходзяцца на зямлі.

У гэты дзень варта ўзгадаць аб той нябачнай падтрымцы святых, якія атуляюць нас апекай. Разам з тым Касцёл успамінае ўсіх, хто яшчэ, магчыма, не дасягнуў нябеснага шчасця і ў чыстцы каецца за свае грахі. Молячыся за гэтых людзей, атрымліваючы адпушчэнне грахоў, вернікі спрыяюць выратаванню памерлых. Найбольш, безумоўна, спрыяе гэтаму Ахвяра Хрыста, якая прысутнічае ў святой Імшы.

Урачыстасць Усіх Святых — гэта святкаванне перамогі Бога над смерцю, грахом і цемрай. Жыццё святых, якія здолелі перамагчы зло з дапамогай Божай ласкі, з’яўляецца пацвярджэннем гэтага. Дапамога святых — цудоўны падарунак Бога для нас, які сведчыць аб бязмежнай любові Пана да кожнага чалавека.

Разам з тым як у краінах Захаду, так і ў Беларусі вядомы звычай маскараднага святкавання апошняга дня кастрычніка, якое носіць назву Хэлоўін. Звычай такога святкавання, па сваёй сутнасці нехрысціянскага, прыйшоў да нас з вераванняў старажытных кельтаў, паводле якіх у апошні дзень кастрычніка памiрае бог святла i настае валадарства бога цемры. Бліжэй да ночы з апраметнай нібыта выходзяць духi зла. У старажытныя часы язычнікі палiлi вогнiшчы, апраналіся ў пачварныя касцюмы, імкнучыся ўлагодзіць бога цемры праз знешняе прыпадабненне яму.

Святкаванне Хэлоўіна з характэрным для яго прыпадабненнем да злых духаў цалкам супярэчыць хрысціянскай традыцыі. Нават тады, калі святкаванне зводзіцца толькі да гульні, такая гульня не адпавядае высокаму званню хрысціяніна. Неаязычніцкаму святкаванню Касцёл супрацьпастаўляе дзень Усіх Святых, падараваны вернікам Богам. Менавіта гэтая ўрачыстасць, у адрозненне ад язычніцкага свята, якое стала модным у наш час, сапраўды спрыяе нашаму выратаванню.

Католік.by
27.10.2009

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/752/2498
Текущая дата: 24.11.2024