Белорусский портал в Казахстане

Канфэрэнцыя NGO Рады Эўропы заклікала адмяніць артыкул 193-1



Сэсія Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацыяў Рады Эўропы ўхваліла дэклярацыю адносна Беларусі. Дакумэнт зьмяшчае заклік да беларускіх уладаў адмяніць артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі.

Прыняцьцю дэклярацыі папярэднічаў у Брусэлі, дзе праходзіла сэсія, шэраг кансультацыяў з дэлегацыяй беларускай грамадзянскай супольнасьці і беларускіх журналістаў.

Удзел у канфэрэнцыі браў старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Паводле яго, рэзалюцыя Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацыяў Рады Эўропы цалкам прадказальная:

“У рэзалюцыі гаворка вядзецца аб праблеме артыкулу 193-1, зьвяртаецца ўвага, што падчас выбараў важна, каб не было ўзмацненьня рэпрэсіяў. Таксама ў рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што Рада Эўропы хоча бачыць Беларусь 48-м сябрам гэтай арганізацыі.

На маю думку, таксама вельмі важна адзначыць, што цікавасьць да Беларусі не зьніжаецца, не прападае. І гэта нягледзячы на тыя вельмі марудныя крокі да паляпшэньня сытуацыі, што робяцца беларускімі ўладамі”.

Дэклярацыя адносна Беларусі была ўхваленая кансэнсусам: працэдура галасаваньня на сэсіях Канфэрэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацыяў Рады Эўропы не прадугледжаная.

Падчас дыскусіі прагучала прапанова падкарэктаваць тэкст з тым, каб адзначыць як станоўчы момант, што апошнім часам артыкул 193-1 не прымяняецца. Аднак гэтая прапанова не была прынятая: удзельнікі сэсіі ўхвалілі варыянт, які зьмяшчае патрабаваньне да беларускіх уладаў адмяніць названы артыкул.

6 кастрычніка 2010
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/755/2193
Текущая дата: 24.11.2024