Белорусский портал в Казахстане

На ўсходзе – зарыва пажараў



Пажары на мяжы Беларусі з Расіяй.

Расейскі міністар надзвычайных сытуацыяў Сяргей Шайгу заявіў, што пажары ў Бранскай вобласьці палаюць недалёка ад мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай, якія былі заражаныя радыяцыяй пасьля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе. Перанос пажараў на гэтыя тэрыторыі можа выклікаць выкід радыяцыі ў атмасфэру.

Асабліва непакояцца у суседнім з Браншчынай Добрускім раёне. Тут стаіць небывалая суша. За мінулыя летнія месяцы ў раёне не было хоць крыху адчувальных ападкаў. Ад сьпёкі на корані гіне прыкладна чвэрць пасеянай кукурузы.

У Добрускім раёне, як і на ўсёй тэрыторыі Гомельшчыны, службы надзвычайных сытуацыяў і лясной аховы перайшлі на кругласуткавы рэжым дзяжурства. Паўсюль забаронена наведваць лясы. За іх станам назіраюць з дапамогай гелікоптэраў і 13 вэб-камэраў, якія ўсталяваныя ў лясных масівах на вышках апэратараў сотавай сувязі. Вока вэб-камэры дазваляе ў рэжыме рэальнага часу весьці назіраньне ўкругавую на 50 кілямэтраў. Калі ўзровень гама-фону на месцы пажару быў, напрыклад, тысяча мікрарэнтген на гадзіну, то фон можа падвысіцца ў 2—3 разы

За мінулыя суткі ў шасьці раёнах Гомелю адзначаліся толькі лякальныя загараньні тарфянікаў ды кустоўя, у тым ліку ў Добрускім, Веткаўскім, Хойніцкім раёнах, якія найбольш заражаныя радыяцыяй. Ачаговыя загараньні, паводле афіцыйных зьвестак, апэратыўна ліквідаваныя.

Адзін з былых супрацоўнікаў Прыпяцкага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку, які ўтвораны на заражаных радыяцыях землях Брагінскага, Хойніцкага й Нараўлянскага раёнаў, апавёў, што пры пажарах радыенукліды сапраўды могуць разносіцца на вялікія тэрыторыі:

"Пры загараньні лесу радыенукліды цэзію й стронцыю, якія засталіся на асабліва заражаных участках, разносяцца праз паветра з улікам аэрагеннага фактару. Пры высокай хуткасьці ветру яны разносяцца на вялікую адлегласьць. Потым гэтыя заражаныя часьцінкі з дажджом асядаюць на зямлю, і яна ўжо робіцца забруджанай".

Паводле навукоўца, пасьля пажараў узровень радыяцыі можа істотна падвышацца:

"Калі ўзровень гама-фону на месцы пажару быў, напрыклад, тысяча мікрарэнтген на гадзіну, то фон можа падвысіцца ў 2—3 разы. Пры ўзроўнях 50—70 мікрарэнтген падвышэньне неістотнае. Найбольш ярка выяўленая "пляма" ці "пік", калі браць карэляцыю крывых, будзе, вядома, там, дзе быў высокі ўзровень забруджваньня да пажару".


06.08.2010
Радыё Свабода 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/759/1579
Текущая дата: 24.11.2024