Белорусский портал в Казахстане

Актуальная Катынь, ці З нагоды польскіх выбараў




Глядзеў тут на «Еўраньюс» сюжэт, прысвечаны выбарам прэзідэнта Польшчы. І вось што адзначыў — трое з чатырох апытаных варшаўскіх мінакоў заявілі, што Яраслаў Качынскі не можа быць добрым прэзідэнтам, бо, маўляў, занадта «зацыклены» на мінулым, на розных трагедыях, якія адбыліся з палякамі ў мінулыя часы. «Простыя палякі» кажуць: «Трэба забыць пра мінулае — яно цягне назад. А нам трэба рухацца наперад». Піша Павел Падкарытаў.

Цікава, што і расійскія СМІ (у гадавіну Катынскай трагедыі) навязліва прапаноўвалі палякам тое ж самае: забудзем пра мінулыя трагедыі, пойдзем разам у шчаслівую будучыню! Пра гэта ж заявіў і У. Пуцін, устаўшы на калені ля катынскага мемарыяла.

Прыдворная ліберальная грамадскасць прыйшла ад гэтага сімвалічнага жэсту ў экстатычнае захапленне і неадкладна палічыла «польскае пытанне» назаўсёды закрытым.

Але я б на месцы палякаў не спяшаўся. Памятаецца, у адной з баек дзядулі Крылова быў такі сюжэт: воўк, думаючы ноччу залезці ў аўчарню, трапіў на стайню. І вось прыбеглі дваровыя людзі — хто з агнём, хто з дуб’ём. Прыйшоў і стары лоўчы. Воўк, разумеючы, што яго выратуюць толькі нестандартныя паводзіны, прапануе: забудзем мінулае, усталюем агульны лад! Лоўчы, памятаючы пра ранейшыя хітрыкі шэрага, яму не паверыў і нацкаваў на драпежніка ганчакоў. А вы б паверылі?

Для тых, хто Крылова не чытаў і выснову зрабіць не ў стане, прывяду іншы прыклад.

Вы доўга збіралі грошы на боты і вось прыйшлі на рэчавы рынак. Ля брамы ўбачылі гульню ў напарстак. Пастаяўшы трохі і зразумеўшы правілы гульні, вы раптам спакусіліся яе прастатой і вырашылі згуляць, тым самым памножыўшы свой капітал і — чым чорт не жартуе — атрымаўшы магчымасць набыць акрамя ботаў яшчэ і дублёнку! Ды і гледачы вакол вас настойліва раяць вам выпрабаваць лёс і свае здольнасці. Вы дасталі з патаемнай кішэні свае грошы — і вас неадкладна начыста абыгралі. Адразу пасля пройгрышу вам стала зразумела, што супраць вас зладжана дзейнічала цэлая хеўра ашуканцаў, у якую ўваходзяць і гульцы, і гледачы. І вось, каўтаючы слёзы крыўды, вы панура ідзяце дадому, праклінаючы ўласную даверлівасць і брыдкіх ашуканцаў…

Але боты, тым не менш, вам патрэбныя. Пазычыўшы грошай у сяброў і родных, праз тыдзень вы зноў ідзяце на рынак. І ля брамы зноў бачыце кампанію знаёмых махляроў. Яны зноў прапануюць вам паспытаць шчасця і згуляць з імі ў тую ж гульню. Што вы зробіце? Адмовіцеся? Але чаму? Яны ж, ласкава зазіраючы вам у вочы, кажуць: «Забудзем мінулыя крыўды! Зараз усё ў нас з вамі будзе па-новаму!». Паверыце? Вось і я пра тое ж.

Адносіны паміж краінамі і народамі, вядома, складанейшыя. З рынкавымі ашуканцамі вы можаце зусім не размаўляць, а народы стагоддзямі жывуць побач. І што — тупік? Закрыць мяжу бетоннай сцяной і не размаўляць? Не, вядома. І размаўляць, і ўзаемадзейнічаць далей давядзецца. Але трэба мець гарантыю, што партнёр, які ў мінулым жорстка падмануў вас, больш так не зробіць. Не трэба ўвесь час памятаць пра мінулае — можна вока страціць, згодна з рускай прымаўкай. Але забыўшыся на мінулае, можна страціць абодва вокі. Гэта ў той жа прымаўцы сказана.

Так што мае рацыю Качынскі — пра Катынь палякам забываць нельга. Памятаць пра гэта трэба заўсёды. А вось уводзіць папраўкавы «катынскі каэфіцыент» у адносіны з Расіяй трэба роўна да таго часу, пакуль Расія шчыра за Катынь не пакаецца. Пакуль такога раскаяння мы не назіраем.

Мне раздражнёна могуць заўважыць: Пуцін жа ўжо сказаў, што ў Катыні было здзейснена злачынства. Акрамя таго, ён так кранальна, «па-чалавечы» паводзіўся, прыляцеўшы ў Катынь пасля катастрофы самалёта Леха Качынскага! Чаго ж табе яшчэ трэба? Ведаеце, яшчэ з дзіцячай казкі я даведаўся, што кракадзілавым слязам верыць нельга. Нават калі гэтыя слёзы праліваюцца ў плячо польскаму прэм’еру. Хай Туск верыць гэтым слязам, калі яму так хочацца. А я не веру. Мне трэба ад іх іншае.

Я паверу ў пакаянне Пуціна і Мядзведзева (а ў іх асобах — і расійскай дзяржавы) за зробленае ў Катыні толькі тады, калі будуць рассакрэчаныя ЎСЕ матэрыялы катынскай справы, якія цяпер хаваюць у нетрах Генеральнай пракуратуры.

І перш за ўсё — спісы катаў. Усіх гэтых і да сёння невядомых Іванаў Іванычаў і Васілёў Пятровічаў, што пускалі кулі ў патыліцу польскім афіцэрам.

Я ўпэўнены, што гэтыя спісы — і ёсць самая важная дзяржаўная таямніца, гэтак дбайна хаваная пракурорамі. Я разумею, чаму дзяржава хавае гэтыя імёны, спрабуючы «перавесці стрэлкі» выключна на Сталіна і яго найбліжэйшае асяроддзе.

Калі склады расстрэльных камандаў будуць апублікаваныя, гэта можа прывесці ў здзіўленне і разгубленасць сучасных Іванаў Іванычаў — шараговых і не вельмі шараговых гэбістаў, жывёлападобных амапаўцаў, мільёны іншых сучасных вертухаяў.

«Як жа так! — загалосяць вертухаі. — Нашы дзяды і бацькі не шкадавалі сябе і іншых, выконваючы загады роднай краіны, а іх цяпер называюць катамі?». Так, менавіта так, непаважаныя мае!

Усе выканаўцы злачынных загадаў самі з’яўляюцца злачынцамі. Гэтую ісціну бясспрэчнай паказаў нам Нюрнбергскі трыбунал. Сутнасць нюрнбергскіх рашэнняў заключаецца ў тым, што злачынцамі з’яўляюцца і тыя, хто аддае злачынныя загады, і тыя, хто гэтыя загады непасрэдна выконвае. Толькі ўсведамленне гэтай простай ісціны можа ўтрымаць сучасных вертухаяў ад паўтарэння злачынстваў сваіх дзядоў і бацькоў.

Але я разумею, што расійскай дзяржаве гэта не трэба. Ёй якраз трэба, каб у патрэбны момант, атрымаўшы загад, амапавец без ваганняў збіў дручком маладых ці старых, што выйшлі на Трыюмфальную плошчу, гэбіст пракалоў кола аўтамабіля або ўкалоў парасонам якога-небудзь асабліва небяспечнага дысідэнта, расстрэльшчык без ваганняў застрэліў ля рова афіцэра чужой арміі, з дапамогай чарговага вераломства ўзятага ў палон.

Кругавая парука і замоўчванне — вось тыя дзяржаўныя гарантыі, якія дае мая краіна нанятым на службу вертухаям. Па-італьянску гэтыя рэчы называюцца «амерта». Кодэкс маўчання. На гэтым кодэксе трымаюцца мафіёзныя кланы. На «амерце» стаіць ад веку і расійская дзяржава. І няважна, як яна называецца, — вялікае княства, ці царства, ці імперыя, ці саюз або федэрацыя.

Толькі люстрацыя — адкрыццё імёнаў катынскіх катаў — можа быць сведчаннем таго, што Расія за Катынь пакаялася. І зрабіла правільныя высновы на будучыню.

Так што выбар за вамі, спадары палякі. Рухацца наперад, але абапіраючыся на досвед мінулага і давяраючы свайму партнёру толькі тады, калі ён справай даказаў сваё раскаянне за зробленае ў мінулым зло.

Ці зноў, чарговым разам забыўшы ўрокі гісторыі, сесці гуляць з Расіяй у яе вечны імперскі лахатрон.

* * *

Наша Ніва 23.06.2010   Павел Падкарытаў (Екацярынбург) — расійскі бізнэсовец беларускага паходжання, дабрачынца беларускіх культурных ініцыятыў.


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/763/1162
Текущая дата: 24.11.2024