Беларускія ўлады ў пытаннях захавання гістарычнай памяці ў аснову дзяржаўнай палітыкі ставяць уважлівыя адносіны да спадчыны Вялікай Айчыннай вайны.
Кіраўнік дзяржавы накіраваў прывітанне ўдзельнікам ІІ Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса, які праходзіць у беларускай сталіцы.
Паводле яго слоў, надышоў момант, калі ўсім неабходна аб’яднацца і агульным фронтам выступіць супраць тых, хто хоча пачаць новую сусветную вайну і ўзняць сцяг фашызму і нацызму.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ЗША і іх саюзнікі спрабуюць разбурыць сістэму міжнароднай бяспекі, каб утрымацца ў сваёй гегемоніі і затармазіць развіццё іншых дзяржаў. З гэтай мэтай яны ініцыююць каляровыя рэвалюцыі і ўзброеныя сутыкненні, умешваюцца ў палітыку суверэнных краін.
Таксама яны займаюцца перапісваннем гісторыі Другой сусветнай вайны, у той час як у ЕС прымаюць дакументы, якія апраўдваюць злачынствы нацыстаў, а віна за пачатак вайны ўскладаецца на СССР.
"Плён гэтай палітыкі мы бачым сёння ва Украіне, дзе ўстаноўлены жорсткі, чалавеканенавісніцкі прафашысцкі рэжым, які развязаў у краіне грамадзянскую вайну і гатоў ваяваць за інтарэсы ЗША да апошняга ўкраінца", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.
На думку беларускага лідара, у нашай краіне, дзе кожны трэці загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, добра ведаюць, што гэта такое, таму заўсёды выступаюць у падтрымку міру і дыялогу народаў.
"І сёння ўсе беларусы разам з удзельнікамі Другога антыфашысцкага кангрэса рашуча гавораць: "Не вайне! Не фашызму і неакаланіялізму!", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што гэта пазіцыя знаходзіць падтрымку ў тых краін, якія выступаюць за новае бяспечнае шматпалярнае светаўладкаванне.
"Сённяшні кангрэс закліканы кансалідаваць усе прагрэсіўныя сілы для барацьбы з неафашызмам і неанацызмам. Гэта высакародная і вельмі цяжкая місія. Перакананы, што дасягнуць выніку, перамагчы мы зможам толькі разам", - асабліва адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-/82/70603
Текущая дата: 19.11.2024