27 студзеня ў Асьвенціме адбудзецца памятная цырымонія з нагоды 70-годзьдзя вызваленьня гэтага канцлягера.
На жалобныя мерапрыемствы прыедуць лідэры і высокапастаўленыя чыноўнікі з многіх краінаў сьвету, былыя вязьні. Беларускую дэлегацыю ў Асьвенціме ўзначаліць амбасадар.
1. Асьвенцім — гэта комплекс нямецкіх канцлягераў і лягераў сьмерці. Ён складаўся з трох асноўных частак: Аўшвіц I (галоўны лягер, які служыў адміністрацыйным цэнтрам усяго комплексу); Аўшвіц II (ён жа Біркенаў); Аўшвіц III. Ва ўсясьветнай практыцы прынята выкарыстоўваць нямецкую назву Auschwitz, а ня польскую Oświęcim, бо менавіта нямецкай назвай карысталася нацысцкая адміністрацыя.
2. Колькі дакладна чалавек загінула ў Асьвенціме, вызначыць немагчыма, бо шмат якія дакумэнты былі зьнішчаныя. Да таго ж немцы не вялі ўліку ахвяраў, якіх накіроўвалі ў газавыя камэры адразу па прыбыцьці.
Сучасныя гісторыкі сыходзяцца на думцы, што ў Асьвенціме было зьнішчана ад 1,1 да 1,6 мільёна чалавек, большасьць зь якіх складалі габрэі. Але некаторыя навукоўцы кажуць, што колькасьць ахвяраў магла дасягаць 4 мільёнаў.
3. У Асьвенціме было больш за 6 тысяч беларусаў. Паводле гісторыка Кузьмы Козака, аднаго з аўтараў кнігі «Лягер сьмерці Асьвенцім: жывыя сьведчаньні Беларусі», сярод 10 тысяч прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў было больш за 6 тысяч беларусаў. Зь Беларусі ў Асьвенцім у асноўным вывозілі менавіта беларусаў, а не габрэяў (5 эшалёнаў зь Віцебскай вобласьці, з партызанскай зоны, і адзін — зь Менску).
4. У Асьвенціме загінула больш за 4 тысячы беларусаў. Каля 2 тысяч выжыла. На сёньняшні дзень у Беларусі засталося прыкладна 150 былых вязьняў Асьвенціма.
5. У Асьвенціме было шмат катэгорыяў зьняволеных: габрэі, цыганы, удзельнікі руху Супраціву (у асноўным польскія), палітвязьні, савецкія ваеннапалонныя, нямецкія злачынцы і антысацыяльныя элемэнты, гомасэксуалы.
6. За ўсю гісторыю Асьвенціма было каля 700 спробаў уцёкаў, 300 зь якіх увянчаліся посьпехам. Але калі хто ўцякаў, то ўсіх ягоных сваякоў арыштоўвалі і адпраўлялі ў лягер, а ўсіх зьняволеных зь ягонага блёку забівалі. Гэта вельмі дзейсна прадухіляла спробы ўцёкаў.
7. 3 верасьня 1941 году ў Асьвенціме ўпершыню было ўчынена масавае забойства зьняволеных з выкарыстаньнем газу «Цыклён Б». Было забіта каля 600 савецкіх і 250 польскіх зьняволеных. Увосень 1941 году ў лягеры Аўшвіц I пачала функцыянаваць першая газавая камэра і крэматорый.
8. У лягеры шырока ставіліся мэдычныя экспэрымэнты. У 1943 годзе ў Асьвенціме быў заснаваны «Інстытут гігіены войскаў СС». Тут вывучаліся ўзьдзеяньні хімічных рэчываў на арганізм, выпрабоўваліся новыя лекавыя прэпараты, зьняволеных заражалі малярыяй, гепатытам, іншымі небясьпечнымі хваробамі, лекары трэніраваліся праводзіць хірургічныя апэрацыі на здаровых людзях.
9. Пра Асьвенцім напісана шмат кніг, зьнята нямала фільмаў. Найбольш вядомыя — «Дзёньнік Ганны Франк», кароткамэтражны фільм расейскіх і беларускіх кінэматаграфістаў «Туфлікі», цыкль карцін народнага мастака Міхаіла Савіцкага «Лічбы на сэрцы».
10. У 1996 годзе ўрад Нямеччыны абвясьціў 27 студзеня, дзень вызваленьня Асьвенціма, афіцыйным Днём памяці ахвяр Галакосту.
Іна Студзінская
Радыё Свабода, 27 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/503/29244
Текущая дата: 15.11.2024