Вырашаць усе пытанні ва Украіне "выключна ў адпаведнасці з духам і літарай мінскага пратакола і мемарандума" заклікаў генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.
"Сітуацыя ва Украіне з`яўляецца прычынай пастаяннай трывогі міжнароднай супольнасці. Як генеральны сакратар ААН я зноў заклікаю бакі аднавіць намаганні па вырашэнні неўрэгуляваных пытанняў шляхам дыялогу і не звяртацца да ваенных дзеянняў ці насілля", — заявіў 12 лістапада ў М`янме Пан Гі Мун, словы якога прыводзіць Цэнтр навін ААН.
Ён выказаў упэўненасць, што такая магчымасць існуе. "Бакі дасягнулі такой дамоўленасці. Ёю павінны кіравацца пры вырашэнні ўсіх астатніх пытанняў", — сказаў Пан Гі Мун.
Сітуацыя ва Украіне была абмеркаваная ў сераду на пасяджэнні Савета бяспекі ААН, якое было скліканае па просьбе прадстаўніка Кіева ў гэтым органе "ў сувязі з пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасці краіны".
Нягледзячы на паспяховыя парламенцкія выбары і вераснёвыя дамоўленасці аб спыненні агню, над Украінай навісла небяспека аднаўлення поўнамаштабных баявых дзеянняў, заявіў памочнік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях Енс Андэрс Тойберг-Франзен. Ён звярнуў увагу на паведамленні АБСЕ аб прыбыцці ў раёны, якія ўтрымоўваюцца сепаратыстамі, аўтакалон з цяжкім узбраеннем, танкамі і войскамі. Прадстаўнік ААН назваў у якасці фактару, які перашкаджае руху да міру, немагчымасць забяспечыць кантроль расійска-ўкраінскай мяжы.
"Ва ўмовах, калі выкананне мінскіх дамоўленасцяў знаходзіцца пад пагрозай і няма выразнасці адносна таго, як доўга пры цяперашняй сітуацыі будзе працягвацца выкананне спынення агню, узнікае глыбокая занепакоенасць магчымым вяртаннем да поўнамаштабных баявых дзеянняў", — папярэдзіў Тойберг-Франзен.
Паводле яго слоў, адзінай альтэрнатывай з`яўляецца спыненне ваенных дзеянняў і даванне магчымасці ўкраінцам вярнуцца да жыцця ў стабільнай і бяспечнай краіне, у суверэннай і тэрытарыяльна цэласнай Украіне. "Шлях да такога вырашэння магчымы пры ўмове прыхільнасці ўсіх зацікаўленых бакоў мінскім дамоўленасцям і сумеснай гатоўнасці да іх поўнага і неадкладнага ажыццяўлення", — сказаў памочнік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях.
Ён заявіў, што ААН гатова аказаць падтрымку гэтаму працэсу, і паведаміў, што пасля фарміравання новага ўрада ва Украіну адразу ж адправіцца намеснік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях Джэфры Фелтман.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 13 лістапада 2014
Мінск, 13 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/513/28185
Текущая дата: 15.11.2024