Белорусский портал в Казахстане

Ліберальна-дэмакратычная партыя запрасіла прадстаўнікоў кааліцыі радыкальных левых сіл СІРЫЗА наведаць Беларусь



Пра гэта паведамляе прэс-служба ЛДП.

Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч накіраваў віншаванне Алексісу Цыпрасу, лідару кааліцыі радыкальных левых сіл Грэцыі СІРЫЗА, якая атрымала перамогу на парламенцкіх выбарах 25 студзеня.

У лісце Цыпрасу Гайдукевіч запрасіў прадстаўнікоў кааліцыі наведаць Беларусь з дружалюбным візітам.

Старшыня партыі даў даручэнне міжнароднаму аддзелу ЛДП устанавіць узаемаадносіны з правацэнтрысцкай партыяй "Незалежныя грэкі", якая ўвайшла ў правячую кааліцыю радыкальных левых сіл. Як удакладнілі ў прэс-службе, сёлета Гайдукевіч ужо размаўляў з лідарам партыі "Незалежныя грэкі" Панасам Каменасам па тэлефоне і ў перапісцы.

"ЛДП вельмі станоўча ацэньвае вынікі выбараў у Грэцыі ў святле наладжвання адносінаў паміж Беларуссю і Еўропай. На працягу ўсяго 2015 года партыя працягне наладжванне ўзаемаадносінаў і партыйных сувязяў з патрыятычнымі (правымі і правацэнтрысцкімі) партыямі краін Еўропы", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы партыі.

СІРЫЗА на пазачарговых парламенцкіх выбарах набрала 36,34% галасоў і атрымала 149 з 300 мандатаў. Усяго ў парламент Грэцыі прайшло сем партый. Партыя "Новая дэмакратыя" былога прэм`ера Антоніса Самараса набрала 27,81% і атрымала 76 дэпутацкіх крэслаў. Трэцяе месца заняла ўльтраправая "Залатая зара" — 6,28% галасоў і 17 месцаў. Затым ідзе партыя "Рака" з 6,05% галасоў (17), кампартыя Грэцыі — 5,47% (15) і ПАСОК — 4,68% (13). Лідар партыі "Незалежныя грэкі" (4,75% галасоў і 13 месцаў у парламенце) Панас Каменас пасля перамоў са старшынёй СІРЫЗА Алексісам Цыпрасам заявіў пра дасягнутае пагадненне аб фарміраванні кааліцыйнага ўрада.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 27 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/3-0/513/29247
Текущая дата: 28.12.2024